Пакуль многія з нас бавяць вольны час на беразе ракі, у работнікаў сельскай гаспадаркі праца ў самым разгары. Задача перад механізатарамі пастаўлена наступная: якасна і ў тэрмін убраць збожжа, ад гэтага залежыць харчовая бяспека краіны. А як вядома, з добрым абедам і праца ў задавальненне! Акцэнтаваў увагу на якасным харчаванні працаўнікоў палёў старшыня райвыканкама Аляксандр Кохан на мінулай нарадзе, даручыўшы арганізаваць абед і вячэру занятых на ўборцы збожжа. Карэспандэнт “ПН” адправіўся ў адну з гаспадарак раёна на рэпартаж, каб на свае вочы пабачыць, як арганізавана харчаванне аграрыяў.

Поле ААТ “Чалюшчавічы”. Задзейнічана 5 камбайнаў па ўборцы збожжа, яшчэ тры машыны – на адвозцы, дзяжурыць выратавальная машына.  За паўгадзіны да пазначанага часу з уласнай сталовай прадпрыемства ў поле вязуць гарачы абед. Повар Надзея Верталь і яе памочніца Ірына Пінчук, накрываючы на стол, расказалі, што харчаванне арганізавана на высокім узроўні, улічваюцца ўсе пажаданні аграрыяў і па магчымасці выконваюцца.

“Галоўнае – прапанаваць ім збалансаванае, гарачае і смачнае харчаванне”, – удакладніла Надзея Аркадзьеўна. Для таго, каб выканаць гэтую, здавалася б, няхітрую задачу, повары ўжо з васьмі раніцы стаяць у пліты.

Мяню зацвярджаецца напярэдадні, увечары. Раніцай повар складае ведамасці на харчаванне. Кіраўніцтва гаспадаркі дае дакладныя звесткі пра колькасць працуючых у полі, і дзе людзі будуць знаходзіцца ў абед. Прыкладны кошт харчавання на дзень у разліку на аднаго чалавека складае 3 рублі. Работнікі аплачваюць толькі 50% кошту, астатнюю суму пакрывае гаспадарка.

У асноўным меню ў гэты дзень – апетытны боршч са свежаспечаным хлебам з уласнай сталовай, рыс з катлетай, салат са свежых агуркоў і памідораў, астуджаны чай з булачкай на дэсерт. І ўсё гэта на ўлонні прыроды. Рамантыка! “Заўсёды прыемна чуць падзяку за якасную працу ад хлебаробаў”, – адзначаюць жанчыны.

У гэтыя дні працуюць нашы героі ад світання да захаду сонца, робячы толькі невялікія перапынкі на абед і вячэру. Толькі ў гэты кароткі прамежак ёсць магчымасць узяць інтэрв’ю ў механізатараў. Вадзіцель Мікалай Палуян 36 гадоў працуе ў сельскай гаспадарцы. Родам з вёскі Ванюжычы, а сярэднюю школу заканчваў у Навасёлках. Пасля войска прыйшоў працаваць у КСУП “Капаткевічы”. Так і застаўся ў роднай гаспадарцы. Мужчына адзначае: “Нашы повары гатуюць смачна! Усе стравы – менавіта тое, што трэба на полі”.

Выпала магчымасць і карэспандэнту прадэгусціраваць абед. Сіл хапіла толькі на чырвоны боршч. Калі рэзюмаваць у двух словах: сытна і смачна!

Старшыня Петрыкаўскай раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Алена Галеня не абмінула ўвагай і падтрымкай аграрыяў і прывезла некалькі бутляў халоднай вады, якая прыйшлася даспадобы працаўнікам у летні спякотны час.

Адначасова з уборкай збожжавых у ААТ “Чалюшчавічы” вядзецца падрыхтоўка глебы пад пасеў азімавага рапсу, праводзіцца хімічная праполка культур, а таксама нарыхтоўка кармоў, на якой працуе 7 адзінак тэхнікі.
Зразумела, што арганізаванае якаснае харчаванне напаўняе сіламі і надае жаданне працаваць. Пажадаем нашым хлебаробам весці сваю гаспадарку да росквіту. Няхай дорыць шчодрая зямля багатыя запасы ўраджаю!

img 7820-1068x712

 

img 7830-1068x712п1

img 7797-1068x712

 

Наталля ПЕТРУШЭНКА.
Фота аўтара.