Днямі завіталі на МТФ “Курыцічы”. Даярка Ала Грэська расказала, у колькі ўстае на працу і чаму ёй падабаецца маляваць у вольны час.

01

 Нарадзілася і вырасла наша гераіня ў вёсцы Забалацце Петрыкаўскага раёна. Яшчэ ў школе добра малявала, таму пасля заканчэння 10 класаў вырашыла паступаць на мастака, але, на вялікі жаль, у той год не было набору. Кажа, не перажывала з-за гэтага, пайшла вучыцца кулінарнаму майстэрству. Некалькі гадоў адпрацавала на кандытарскай фабрыцы “Спартак”. Называе гэты перыяд “салодкім”.

 – Затым я закахалася, – працягвае знаёміць нас з фактамі сваёй біяграфіі даярка. – Выйшла замуж. Разам з мужам вярнулася на радзіму, на Петрыкаўшчыну. У нас нарадзілася двое дзяцей. Першы час я працавала поварам, а затым перайшла ў даяркі. Мой стаж сёння – больш за 27 гадоў.

Ала Віктараўна працу сваю любіць. – Мне пашанцавала з калектывам, мы нібы адна сям’я. Падтрымліваем адзін аднаго ва ўсім, дапамагаем. Каровы таксама адчуваюць чалавечую ласку, таму і адгукаюцца. У кожнай з іх свой характар, і да кожнай патрэбен свой падыход.

 На пытанне, што самае цяжкае ў яе працы, адказвае: – Рана ўставаць. У 4 гадзіны раніцы пачынаецца дойка. Але за столькі гадоў мы ўжо прызвычаіліся да такога рэжыму працы. Падабаецца, што з дзяўчынамі (калегамі) устаем на працу разам з сонцам у летні перыяд. На заробак у нашай гаспадарцы грэх скардзіцца. Плацяць, лічу, годна і заўсёды ў тэрмін. Хто колькі заробіць, залежыць ад самога чалавека. Дакладней, вынікаў яго працы. Вось мы, даяркі, колькі малака надоім, столькі і грошай атрымаем.

260 дойных кароў – “агульная гаспадарка” трох даярак. За суткі выходзяць каля 1,9 тоны малака.
Наша гераіня дапамагае дзецям выхоўваць малых. Асабліва з унукамі любіць маляваць.
– Яны – мая аддушына. Унукі прыязджаюць – для мяне вялікая радасць. У вёсцы, асабліва ўлетку, ім ёсць чым заняцца, а ў халодны час па вечарах мы любім “мастачыць”.

 Наталля ПЕТРУШЭНКА, фота аўтара.