Плошчы ААТ “Камарынскі” сёлета падтоплены паводкай. Н.п. Вялле, Галкі, Асарэвічы, Кацічаў, Аляксандраўка, Верхнія і Ніжнія Жары, Кірава апынуліся ў палоне воднай стыхіі. Як у такіх умовах праводзіць палявыя работы, укласціся ў адведзеныя для сяўбы і падкормкі сельгаскультур тэрміны? Адказ галоўнага агранома гаспадаркі, Аляксандра Петруненкі ўсяліў аптымізм. Вясна як вясна, зазначыў ён. Нічога экстрэмальнага тут не бачу. Вядома, недзе давядзецца перасеяць, ушчыльніць, ва ўсякім разе, зямля пуставаць не будзе. Для гэтых мэт у нас ёсць проса. А гэтую культуру можна сеяць і летам.

 

DSC 6366

 

 

     У 7.00 механізатары ўжо ў полі. Кожны атрымаў заданне і накіраваўся на свой участак. Насенне аўса на 456 га ужо загорнута ў глебу, як і ячменю на 100 га, аднагадовых на 400 га. На мінулым тыдні прыступілі да сяўбы кукурузы каля Галубоўкі. Каралева палёў зойме 1550 га, на 370 га яе будуць вырошчваць на зерне. Работа даручана Івану Давідзенку. У гаспадарцы ён працуе з 1981 года. У саўгас “Камарынскі” прыйшоў пасля заканчэння школы і сеў за руль трактара Т-25. Пасля службы ў арміі вярнуўся на малую радзіму і ўвесь гэты час верна служыць зямлі, працягвае справу бацькоў. У “Камарынскім” добра ведаюць Давідзенку-старэйшага. Уладзімір Аляксеевіч быў выдатны механізатар, пра яго напружаныя будні, стаўленне да тэхнікі з павагай расказваюць і сёння. Зараз ён – на заслужаным адпачынку. Маці працавала ў паляводчай брыгадзе. Не дзіўна, што і сын Іван вырас такім жа адказным і працавітым.

     Падкормку азімых паўторна вядзе Ігар Якімовіч, КАСы яму падвозіць Ігар Жывадзёраў. Пагрузкай і ўнясеннем арганікі займаюцца Сяргей Кібенка, Мікалай Цімошчанка, заворвае яе Валерый Касцючэнка. Камбінаваным агрэгатам АКШ глебу рыхтуе Генадзь Чарнічэнка. Мікалай Якімовіч сее аднагадовыя травы. Па словах Аляксандра Аляксеевіча, а ён у ААТ, акрамя ўсяго, узначальвае і прафсаюзную арганізацыю, абыякавых людзей у гаспадарцы няма. Сельгасвытворчасць патрабуе напружанай працы і сумленных адносін. Інакш на высокія ўраджаі можна не разлічваць.

Ніна СІНІЛАВА
Фота Ірыны СТЫЧЫНСКАЙ