У гэтыя спякотныя дні жніўнае поле ажно свеціцца пад промнямі сонца. Наліліся золатам хлебныя нівы, выспеў колас, схіліўся пад сваім цяжарам – чакае хлебаробаў, каб аддзячыць ім за клопаты, стараннасць і працавітасць.

Па добрай вясковай традыцыі ў пачатку жніва ў гаспадарках раёна праходзяць зажынкі. У мінулую суботу такое свята прайшло і на палетках СВК “Дружба-Аўцюкі”. Ва ўрочышчы “Панскі сад” за вёскай Ужынец выстраіліся камбайны і аўтамабілі, гатовыя прыняць у кузавы першыя цэнтнеры спелага зерня. Насупраць іх шчыльнай шарэнгай – камбайнерскія экіпажы і вадзіцелі. Менавіта яны будуць на перадавой у час самай важнай сельскагаспадарчай кампаніі – уборкі збожжа новага ўраджаю, каб у кожнага з нас на стале быў мяккі, духмяны хлеб.

Настрой удзельнікаў свята цалкам адпавядаў значнасці падзеі. Жніўнымі песнямі хлебаробаў віталі артысткі Вялікааўцюкоўскага сельскага клуба-бібліятэкі.

Зажынкі прайшлі ўрачыста, згодна з народнымі традыцыямі. Пачэсную місію зажаць першы сноп даверылі жнейкам. Жанчыны з песнямі накіраваліся да хлебнай нівы, зжалі першы сноп і ўручылі яго галоўнаму аграному Уладзіміру Савянку, а духмяны каравай – старшыні сельгаскааператыва Сяргею Даўгяла.

Сяргей Іванавіч павіншаваў хлебаробаў з вянцом іх працы і адзначыў, што для іх пачынаецца цяжкая і адказная пара, той ураджай, што яны збяруць, закладваўся на працягу ўсяго года. Усе працаўнікі гаспадаркі добрасумленна ўносілі ўклад у агульны каравай – своечасова правялі асеннюю і яравую сяўбу, унеслі ўгнаенні, ажыццявілі мерапрыемствы па ахове раслін. Цяпер стаіць задача – якасна і без страт сабраць хлеб, не згубіць ніводнага зярнятка.

– Хлеб – залог поспеху нашай эканомікі. Вы ўсе бачыце, што сёння робіцца ў свеце. Хлеб сёння на вагу золата. І ўсе мы разумеем, калі ў нас будзе хлеб, будзе і стабільнасць у дзяржаве і ў нашай гаспадарцы ў прыватнасці, – звярнуўся Сяргей Іванавіч да сваіх работнікаў.

Важнасць хлебаробскай працы падкрэсліў і галоўны аграном гаспадаркі Уладзімір Савянок, які адзначыў, што жніво можна параўнаць з сур’зным і цяжкім экзаменам.

Сёлета ў СВК “Дружба-Аўцюкі” трэба ўбраць 3 тысячы гектараў збожжавых. Азімага ячменю, які малоцяць першым, 600 гектараў. На дзень зажынак ужо было намалочана звыш 730 тон зерня новага ўраджаю. Ураджайнасць складала 40 ц/га.

На жніве ў гаспадарцы будзе працаваць восем камбайнаў, нагрузка на кожны вялікая, каля 450 гектараў, але трэба прыкласці намаганні і абмалаціць збожжа ў карацейшыя тэрміны, каб не страціць ураджайнасці.

Уладзімір Іванавіч дадаў, што ў час жніва вялікую ўвагу трэба надаваць тэхніцы бяспекі, бо няма нічога даражэйшага за чалавечае жыццё.

З цёплымі пажаданнямі плённай працы, шчодрага ўраджаю, спрыяльнага надвор’я, багатага хлебнага караваю і здароўя да працаўнікоў гаспадаркі звярнулася старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Раіса Мароз. Каб заахвоціць хлебаробаў, надаць ім дадатковы стымул на добрую працу, яна ўручыла кожнаму падарунак ад райкама прафсаюза – футболкі і кепкі з сімволікай Беларускага прафсаюза работнікаў АПК.

Таксама Раіса Мікалаевна павіншавала і ўручыла дыпломы механізатарам, якія сталі пераможцамі раённага спаборніцтва на вясновых палявых работах – Андрэю Міцулі, Сяргею Сакуну і Мікалаю Есьману.

Усе добрыя справы заўсёды пачынаюцца з Божай дапамогай. З благаславеннем да хлебаробаў звярнуўся настаяцель Свята-Георгіеўскага храма айцец Георгій. Ён акрапіў святой вадой хлебную ніву, тэхніку і тых, хто будзе працаваць на ёй у самую гарачую пару сельскагаспадарчага года. Каб Бог бярог, каб багаты ўраджай сабралі.

“Ідзіце, працуйце, камбайны. Няхай вашы бункеры хутчэй напоўняюцца збожжам новага ўраджаю. Каб жніво прайшло без страт! Каб тэхніка не псавалася! Няхай жніво будзе незвычайным: на дзіва хлебным, ураджайным!” – дали вядучыя фінальны акорд святу.

Прайшла хвілінка – і тэхніка ажыла. Адзін за другім накіраваліся камбайны да залатой нівы.

 Татьяна КАПИТАН.

Фото Николая БОРИСЕНКО.

По материалам ГАЗЕТЫ «Калiнкавiцкiя навiны»