Напярэдадні Дня будаўніка старшыня Петрыкаўскай раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Алена Галеня наведала філіял “Капаткевіцкая ПМК 67” РУП “Калінкавічывадбуд”.
Падзякі ад райкамітэту Беларускага прафсаюза працаўнікоў АПК з нагоды прафесійнага свята атрымалі намеснік галоўнага бухгалтара Наталля Кусман і кладаўшчык Іна Раманоўская. Ганаровай граматай узнагароджана старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Наталля Калініна.
Пасля ўрачыстасці жанчыны знайшлі некалькі хвілін, каб пагутарыць. Так, інжынер па ахове працы, інспектар па кадрах і прафсаюзны лідар прадпрыемства Наталля Калініна расказала, што працуе ў “ПМК 67” не так даўно — з снежня мінулага года. “Так званай адаптацыі на новым месцы працы ў мяне не было. Калектыў прыняў мяне цудоўна, склалася ўражанне, што мы ведаем адзін аднаго ўжо багата гадоў. Трэба адзначыць, што сама я мясцовая, добра ведала стан спраў у мясцовым ПМК, таму прапанову працаўладкавання прыняла згодай.
Мы намагаемся заўсёды не страчваць пачуцця ўзаемадапамогі, уважліва адносімся да ўсіх, бо менавіта ад разумення сярод калег залежыць наш агульны вынік”, — заўважыла жанчына.
Не так даўно, у красавіка гэтага года, працуе ў калектыве і Наталля Кусман. Намеснік галоўнага бухгалтара згадвае, што калектыў насамрэч склаўся цудоўны, таму ўсе намаганні прыйшлося прыкладаць выключна для вывучэння нюансаў свету лічбаў будаўнічай арганізацыі. “Але і тут я ведала, што мой начальнік — Тамара Рабцэвіч, будзе тлумачыць мне кожную дэталь, кожную лічбу, каб у выніку я зразумела ўсе акалічнасці і магла справіцца з пастаўленымі задачамі якасна і тэрмінова”, — з цёплай усмешкай згадала Наталля Фёдараўна.
Іна Раманоўская працуе ў “Капаткевіцкім ПМК 67” даўно: 10 жніўня жанчына адзначала 35-ю гадавіну работы ў прадпрыемстве. “Я разумею і сваю работу, і людзей. Словам, усё склалася так, як і належыць, мой працоўны стаж як раз і сведчыць пра гэта. Змянілася некалькі пакаленняў працаўнікоў, але не змянілася сяброўская атмасфера ў калектыве. Мабыць з гэтай прычыны мы разам пераадольвалі ўсе цяжкасці і здолелі зрабіць уклад у развіццё нашай будаўнічай арганізацыі”.
Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.
Газета «Петрыкаўскiя навiны»