Пра Руслана Нікалаева можна зняць дакументальны фільм, настолькі прыкметная яго працоўная біяграфія. Амаль кожны год на раённых дажынках вопытнага механізатара ўзнагароджваюць прэміямі і граматамі ў той або іншай намінацыі, у тым ліку і рэспубліканскага ўзроўню. Руслану ўласцівы сялянская мудрасць і практычнасць, якія ён узяў ад прадстаўнікоў старэйшага пакалення. А яны добрасумленна працавалі ў калгасе, умела вялі дамашнюю гаспадарку, расцілі дзяцей і давалі ім пуцёўку ў жыццё.

 

Руслан Ніколаев

 

Ведаю яго даўно. Пры першай сустрэчы адзначыла нешматслоўнасць, трапнасць адказаў і пачуццё гумару чалавека, які добра ведае сваю справу і трываластаіць на зямлі. У ААТ “Брагінка” ён нязменны сейбіт. І восенню, і вясной у Руслана Нікалаева адна задача: своечасова пасеяць азімыя і яравыя культуры. А гэта  немалыя плошчы. Азімыя зерневыя занялі 1262 гектары. Восенню выкананы значны аб’ём работ, таму ў гэтыя сакавіцкія дні крыху лягчэй весці асноўныя работы. Ды і яравым адводзіцца меншае поле: ячменю – 40 гектараў, аўсу – 154, зернебабовым – 20, соі – 10. У плане сяўбы таксама люцэрна і кукуруза. Каралева палёў размесціцца на 750 га, на якіх будуць вырошчваць яе на зялёны корм, а на зерне – на 280 га.

Паколькі люцэрна багата на бялок, больш чым 440 гектараў ёй ўжо занята. Насенне кармавой культуры набываюць за бюджэтныя сродкі. ААТ “Брагінка” не адмаўляецца ад вырошчвання бульбы, паспяхова займаецца вырошчваннем другога беларускага хлеба на працягу доўгага часу. Сёлета клубні высадзяць на 15 гектарах. Намецілі таксама абнавіць травастой, перазалужыць 150 гектараў.

Закуплены эліта зерневых, насенне перспектыўных сартоў высокай рэпрадукцыі паступае ў гаспадарку і зараз. Фронт палявых работ шырокі, усе яны вядуцца згодна з планам. На 21 сакавіка было падкормлена 150 га рапсу з пасеяных 400, на 450 га ўнесены фосфар пад яравую сяўбу, узарана 80 гектараў, закрыццё вільгаці выканана на 130-гектарнай плошчы. Насенне аўса загорнута ў глебу на 65 га.

 

Ніколай Берднік

 

Разам з галоўным аграномам Мікалаем Берднікам мы накіроўваемся на поле каля Міхнаўкі, дзе ўладарыў магутны трактар з сеялкай Руслана Нікалаева. Пагутарыўшы з механізатарам і пераканаўшыся, што ўсё добра, едзем туды, дзе вядзецца ворыва і ўносіцца арганіка, якая адразу заворваецца. Большчым 600 тон мясцовага ўгнаення ўжо на палях.

У гаспадарцы вядзецца экран палявых работ. Галоўны эканаміст Яўген Данчанка кожны дзень абнаўляе данныя.

Дырэкцыя ААТ паклапацілася аб арганізацыі гарачага харчавання ўдзельнікаў пасяўной  кампаніі. Людміла Салодкіна гатуе для іх смачныя і каларыйныя абеды, 85% кошту якіх аплачвае сельгаспрадпрыемства. Дарэчы, пасля завяршэння жніва жанчыну адзначылі за сумленную работу і ўручылі падарунак “па тэме” – набор каструль. У такой справе, як клопат пра будучы ўраджай, дробязей няма.

 

 Ніна Сінілава

Фота Галіны Шаўчэнкі