Умовы для вытворчасці малака ва ўсіх даярак аднолькавыя. І каровы падобныя адна на адну. Аднак не ўсе жывёлаводы могуць пахваліцца ўзорнымі паказчыкамі.

У нашым раёне ў Лідзіі Куку з МТФ «Дворышча» КСУП «Судкова» – адзін з самых высокіх надояў. У суткі ў аператара машыннага даення 21,5 літра малака гатунку «экстра» ад кожнай буронкі (у сярэднім па ферме 13 літраў). Жанчына нам расказала, у чым жа сакрэт добрых рэзультатаў.

01

 

У адносінах да сваіх «падапечных»

– У любой справе будзе вынік, калі працу сваю любіш. Каровы – разумныя жывёлы. Упэўнена, што яны прывыкаюць да тых, хто пра іх клапоціцца. Буронкі, іх у маёй групе 42, пазнаюць мяне па голасу. Я ім кажу: «Дзеўкі, на дойку!». Яны і слухаюцца – ідуць на сваё месца. Я стаю на адказным участку – на раздоі. Перш чым увесці карову ў дойны статак, яе ж патрэбна раздаіць спачатку. Як толькі пацеляцца – іх адпраўляюць да мяне. На ферме сябе адчуваю як рыба ў вадзе. Не ўяўляю, як можна кінуць сваіх кароў. Душа ляжыць да іх. Асобныя каровы зімой на нашай ферме могуць даць і 30 літраў у суткі, а летась былі рэкардсменкі і па 40.

 

У смачнай ежы

– Дойка ў нас тры разы на дзень. Для меня самая цяжкая – ранішняя. Бо ўставаць патрэбна ні свет, ні зара. Добра, што з Храпкава, дзе я жыву, забірае і прывозіць на ферму машына з гаспадаркі. Так зручна. Дарэчы, адна жывёліна доіцца па 5-7 хвілін.

Канешне, каб карова аддячыла малаком, патрэбна яе добра накарміць. У нас у рацыёне канцэнтраты ў гранулах з Жлобіна, сенаж, сілас і рапсавы жмых. Буронкі сытыя і задаволеныя.

 

У тэхналогіі даення

– Мае «прынцэсы» жывуць ва ўтульных умовах: у сараях цёпла, светла і прасторна. Кажуць, дастаткова паглядзець на жывёлу, каб зразумець, ці клапатлівы ў яе гаспадар. У нас работнікі своечасова падсцілаюць буронкам і раскладваюць корм. Таму яны дагледжаныя.

Зразумела, што я сачу за гігіенай кароў. Падмываю ім вымя, здайваю первыя струйкі. Пламбірую (мажу вымя спецыяльным растворам, каб мікробы не траплялі ў малако).

 

 

У адной звязцы з калектывам

 

– Многае залежыць ад людзей, з якімі працуеш. З гонарам магу адзначыць, што ў Дворышчах яны адказныя. Заўсёды памогуць, калі трэба, а зайздросцяць толькі па-добраму. Мы тут адна каманда. Такой фразы не пачуеш: «Гэта ў мае абавязкі не ўваходзіць». У высокіх надоях – уклад кожнага з нас: загадчыка, цялятніцы, асеменатара, даяркі, скотніка.

 

Усе разумеюць, што і заробак залежыць ад кожнага з нас: як папрацуем – такія грошы і атрымаем. А мне прыемна, што мая работа шануецца.

 

Гутарыла Вікторыя МАРОЗ.