Днямі старшыня Петрыкаускай  раеннай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза працаўнікоў АПК Алена Галеня наведалася з падарункам да Алены Скорай у рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Ад усёй душы”.

Яшчэ па дарозе Алена Фёдараўна расказала нам пра жанчыну, у госці да якой мы спяшаліся. “У калектыве яна заўсёды была аўтарытэтным і надзейным лідарам пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ў сваёй гаспадарцы – КСУП “Грабаў”. Як у грамадскім жыцці, так і ў прафесійнай дзейнасці Алена Скорая паказала сябе як кемлівы, чулы і мэтанакіраваны чалавек. Заўсёды ў тэрмін і якасна спраўлялася з даручэннямі і працоўны працэс арганізоўвала як след – на рабоце ў яе заўсёды быў парадак”.

Алена Пятроўна сустрэла нас каля сваёй сядзібы, гутарку пачала проста: “Я – мясцовая, ураджэнка Грабава. У 1973 годзе скончыла школу, а летам, як многія дзеці, хадзіла працаваць на збожжаток. Напэўна, тагачасны старшыня калгасу заўважыў маю стараннасць, тым больш, што і вучылася я нядрэнна: у атэстаце было толькі чатыры адзнакі “добра”, а астатнія – “выдатна”. Карацей, мне прапанавалі вучыцца ад гаспадаркі на бухгалтара”, – з усмешкай згадвае юнацтва Алена Скорая.
Па словах суразмоўцы, вучоба, працягласцю ў два гады, была цікавай, але цягнула на малую радзіму. “Бацькі на той час былі хворымі, а я, як малодшае дзіцё ў сям’і, павінна была забяспечыць ім надзейны догляд. Потым сустрэла маладога чалавека з вёскі Белы Пераезд і мы пабраліся шлюбам. Выгадавалі сына і дачку, маем трох унукаў. Вось, у красавіку споўніцца 43 гады нашага сумеснага жыцця”, дзеліцца Алена Пятроўна.

Што да працоўнага шляху гераіні, то тут яна, з характэрным для палешукоў хітрыкам, зазначае, што за гады яе працы ў гаспадарцы змянілася 11 кіраўнікоў, а ўжо колькі маладых спецыялістаў прайшлі праз яе навуку, то і падлічыць складана. “Ведаеце што галоўнае ў бухгалтэрыі? Пільнасць і стараннасць! Без гэтых якасцяў усе схільнасці да дакладных навук не маюць сэнсу. Калі прыходзілі маладыя дзяўчаты, навучала іх на практыцы ўсяму, што ведала сама. З іх атрымаліся неблагія спецыялісты, якія не толькі сваю работу добра ведаюць і выконваюць, але і дапамагчы ці падмяніць калегу пры патрэбе заўсёды змогуць”.

У свой час Алена Скорая стала старшынёй пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі. Кажа, што гэтая пасада была нібы адзнакай даверу людзей да яе. Працаўнікі калектыву добра ведалі жанчыну, ставіліся да яе як да добрай, ра-зумеючай і кемлівай зямлячкі, якая не пакіне чалавека з праблемамі сам-насам. Ды і як інакш, калі ўсіх аднавяскоўцаў, іх жыццё і клопаты ведаеш з маленства?!

“Некаторы час яшчэ працавала на пенсіі, але потым выйшла на заслужаны адпачынак. Магчыма, рабіла б і далей, але пахіснула маё здароўе анкалогія, якая была выяўлена 8 гадоў таму. Тады для сябе я цвёрда вырашыла і магу сказаць іншым людзям, што пакутуюць на гэтую хваробу: нельга замыкацца ў сабе! Як толькі з’явяцца ў галаве сумныя думкі – гэта толькі пагоршыць стан здароўя.

Калі вярнулася дадому з абследавання, то вырашыла, што не варта здавацца з-за дыягназу: завяла свінню з парасятамі, казу з казлянятамі, адных толькі індакачак гадавала 54 асобіны! Жыццё аздобілася новай цікавасцю, не было калі аддавацца думкам пра хваробу.

Зараз, канешне, здароўе ўжо не тое, але ў свеце не мала цікавасцяў – як пачала змяншаць сваю ўласную гаспадарку, больш часу аддавала вырошчванню кветак. Атрымліваецца, што ты аддаеш ім сваю ўвагу ўвесну, а потым яны радуюць вока да глыбокай восені – ці не цуд, не падарунак прыроды?

Пра агарод таксама не забываюся. А з надыходам сезону – хаджу ў грыбы. Хіба што на рыбалку давялося выбрацца толькі аднойчы, калі з сынам і ўнукам мы наведаліся да возера Чырвонага, што на Жыткавіччыне”, – расказала Алена Пятроўна.
Мы ж у сваю чаргу, уражаныя жыццялюбствам і шчырасцю гэтай жанчыны, жадаем Алене Скорай і яе родным моцнага здароўя і доўгіх гадоў жыцця. Няхай цудоўны настрой і ўпэўненасць у будучыні будуць і надалей надзейнымі спадарожнікамі на сцяжыне лёсу.

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара

Газета «Петрыкаўскiя навiны»