Рэспубліканская акцыя “Наш жывёлавод”, якую штогод праводзіць прафсаюз аграрыяў, праходзіць і ў нашым раёне. У яе межах Жыткаўшчыну наведаў старшыня Гомельскага абкама прафсаюза АПК Сяргей Касінскі, ён належна аддзячыў лепшых працаўнікоў ферм КСУПаў «Бялёў» і «Чырвоны Бор».

У Бялёўскім доме культуры, дзе праходзіла мерапрыемства, было шматлюдна- сабраліся не толькі жывёлаводы, якіх узнагароджвалі, але і іх калегі. Сяргей Міхайлавіч у віншавальнай прамове адзначыў, наколькі складана сёння шчыраваць у малочнай галіне, асабліва ў тых гаспадарках, якія не маюць высокіх вытворчых здабыткаў. Аператары машыннага даення такіх сельгаспрадпрыемстваў, магчыма, і больш прыкладваюць намаганняў на рабоце, чым у перадавых арганізацыях, але вынік незаўсёды залежыць ад іх старанняў. Як не дой недакормленую карову, вялікага малака ад яе не атрымаеш. Таму мэта акцыі “Наш жывёлавод” высокародная: падтрымаць кожнага працаўніка фермы.

01

 

02

Прафсаюзны лідар падкрэсліў, што ў Жыткаўшчыны вельмі добрыя перспектывы развіцця малочнай галіны, хаця і зараз тут нашыя пазіцыі адны з лепшых у вобласці. Ды і рэзервы маюцца неблагія, выкарыстаць іх, значыць палепшыць уласны дабрабыт. Далей Сяргей Міхайлавіч разам са старшынёй прафкама ААТ “Тураўшчына “ Наталляй Вакульчук уручылі граматы і прэміі. У ліку тых, хто іх атрымалі аператары машыннага даення КСУПа “Чырвоны Бор” Анжэла Кіршун, Валянціна Балбуцкая, Алена Курылец, Юлія Рагалевіч і цялятніца Таццяна Рагалевіч, а з КСУПа “Бялёў” адзначылі заатэхніка-селекцыянера Раісу Ярмак, тэхнікаў-асемянатараў Наталлю Віткоўскую, Наталлю Макарэвіч, загадчыка фермы Уладзіміра Козела, лабаранта Ганну Зенчанка. Гэта вопытныя работнікі. У многіх за плячыма па некалькі дзясяткаў гадоў стажу на ферме, як і ў прафесійнай скарбонцы нямала высокіх вытворчых паказчыкаў.

Для многіх з іх такая ўвага стала вялікай нечаканасцю і прыемным сюрпрызам. Але па настроі падчас сумеснага чаепіцця было добра бачна, што работнікі і спецыялісты задаволеныя прафсаюзнай увагай.

Сяргей Белка