Таццяна і Юрый Яшчанкі з аг. Краснае працуюць на ферме ў ААТ “Камарынскі” і выхоўваюць шасцёра дзяцей.

01

  Вопытных і добрасумленных аператараў машыннага даення ў гаспадарках нашага раёна нямала, але ж нямногія з іх з’яўляюцца мнагадзетнымі маці. У Таццяны і Юрыя Яшчанкаў іх шасцёра: трое дарослых, двое школьнікаў, а найменшая, чатырохгадовая Васіліса, ходзіць у садзік. Сын Дзмітрый некалькі дзён таму вярнуўся пасля службы ў арміі ў бацькоўскі дом, дзе яго вельмі чакалі. Служыў наш зямляк у ВДВ, атрымліваў падзякі ад камандавання, дэмабілізаваўся, каб і ў мірным жыцці быць карысным не толькі родным і блізкім, але і краіне.

 Таццяна Іванаўна працуе на МТФ у аграгарадку Краснае, доіць 155 кароў. Паспяхова спалучае работу з выхаваннем сыноў і дачок. У яе сярэдняя спецыяльная адукацыя (закончыла на той час Рэчыцкі зааветэрынарны тэхнікум).  Спачатку асемяняла кароў, а пасля  водпуску па догляду першынца стала аператарам машыннага даення. Веды, бясспрэчна, дапамагаюць дабівацца высокіх рэзультатаў. Да таго ж і загадчыца МТФ Таццяна Шамела – таксама асемянатар, так што разам ім лягчэй вырашаць розныя вытворчыя пытанні. Падтрымку і параду атрымаць ёсць ад каго.

02

 Жывёлагадоўля стала для  Яшчанкаў сямейнай справай. Юрый Пятровіч вырошчвае маладняк да 4-месячнага ўзросту. Цялят у яго групу пераводзяць пасля выпайвання малаком, якое ў рацыёне бычкоў і цялушак яшчэ некаторы час прысутнічае. Даглядчык стэрылізуе яго, ахалоджвае і скормлівае маладняку. Клопатаў шмат, але калі ёсць вопыт і жаданне працаваць, гэтага не заўважаеш. Кожны дзень ён спяшаецца да сваіх падапечных, а іх у Юрыя Пятровіча прыкладна 250 галоў, і ўсіх неабходна своечасова накарміць. Свайго гаспадара яны пазнаюць  па голасу, прывыкаюць да яго. Пасля таго як падросціць, маладняк перавядуць у наступную групу.

 Ніна СІНІЛАВА

 Фота Ірыны СТЫЧЫНСКАЙ

Газета «Маяк Палесся»