Жанчына на камбайне – да шчасця. Асабліва, калі яна жонка хлебароба. Сёлета сям’я Краўчанка з ААТ «Веляцін Агра» вырашыла правесці плячом да пляча ўборачную кампанію, стаўшы адзіным у раёне шлюбным экіпажам.
З «фізрука» ў камбайнера.
Вось так на месяц гераіня змяніла сваю спецыяльнасць з настаўніка фізічнай культуры Паселіцкай школы на памочніка камбайнера.
«Калі ёсць магчымасць і жаданне, чаму б не сесці побач за штурвал са сваім каханым? Я чалавек, які за любы «кіпіш». Ну і што, што гэта не зусім жаночая прафесія? Ды і муж быў толькі «за», прапанаваў паспрабаць, бо ведаў, у мяне ўсё атрымаецца. Тым больш, з тэхнікай я сябрую. Крыху вопыт ёсць. Канешне, больш з легкавымі машынамі. Аднак, з гэтай «ластаўкай» таксама спраўляюся нядрэнна», – расказвае Ганна.
Калегі да апошняга не верылі.
Аграрыі з гаспадаркі спачатку думалі, што жонка Андрэя дакладна не будзе працаваць на жніве. Але пасля таго, як пабачылі жанчыну за рулём габарытнага «Гомсельмаша» пераканаліся, што Андрэй не жартаваў. Цяпер зямлячка ведае не толькі са слоў мужа, які на смак хлеб. Плюс заробак лішнім не будзе для сям’і. Пакуль пара з раніцы да ночы ў полі, прыглядаюць за іх сямігадовай дачкой Арынай бабулі Святлана і Ганна. Дарэчы, дзяўчынка пасля таго, як маці расказала, што будзе камбайнерам, адразу задала пытанне: «А можна і я з вамі?». Для дачкі самы прыемны момант, калі бацька прыходзіць з поля, тады яна хутка бяжыць да яго, каб моцна сціснуць у абдымках. Ці на залатую ніву прыязджае на веласіпедзе, хоць на хвілінку, каб рукой памахаць бацькам. «Бачыце бусел намалёваны на камбайне? Гэта мой бацька з маці на камбайне едуць», – кажа журналісту Арына.
Хочацца больш намалаціць.
Задача нумар адзін для сямейнага экіпажа – высокі рэзультат паказаць. Як гэта было раней з напарнікамі Андрэя – Александрам Петрусенка, Аляксандрам Кардашом, Рыгорам Ярцам, Дзянісам Санцэвічам. У абавязкі Ганны ўваходзіць утрыманне камбайна ў чысціні, праверка якасці ўборкі пасля абмалоту. «Не кожны моцны мужчына вытрымае жніво. Тым больш – жанчына. Прыемна, што яна ў мяне такая працавітая», – з гонарам адзначае Андрэй. Відавочна, што ў гэтых дваіх – разуменне з паўслова і нават з паўпогляду.
За настрой у кабіне адказвае Ганна.

Нешта расказвае смешнае. Але ў асноўным гутарка пра работу. Могуць нашы рамантыкі і музыку вясёлую ўключыць у камбайне, а потым «плыць» па каласах. Удваіх прызнаюцца, што пасля змены хочацца хутчэй памыцца і легці спаць.
Ганна пра новую для сябе работу хлебароба гатова расказваць доўга: – Камбайнам не складана ўпраўляць. Галоўнае запомніць усе кнопкі, лічбы, якія высвечваюцца на вялікім экране. Калі хутка разумееш, то працаваць лёгка. Многае ўжо засвоіла, добра карыстаюся джойсцікам, ведаю, як высыпаць збожжа з бункера. Падабаецца вывучаць агрэгат, на якім я працую. Ды і месца зручнае ў памочніка, заўсёды знахожуся па левую руку. Кандыцыянер стварае камфортную тэмпературу, што асабліва важна, калі на вуліцы 30 градусаў цяпла.
Будзе маёй!
Ужо 11 гадоў Андэй і Ганна ў шлюбе. Калі ўбачыў хлебароб Ганну адразу падумаў: «Мая». Дарэчы, іх больш блізкае знаёмства адбылося на весавой у сельгаспрадпрыемстве (тады жанчына там працавала). А будучы муж толькі вярнуўся з арміі. Вось тады і пачалася іх гісторыя. Як лічаць, галоўнае ў сямейным жыцці – разуменне, каб быў лад. Калі трэба – прамаўчаць. Агульныя захапленні Краўчанак – рыбалка, паездкі на пікнікі, у парк атракцыёнаў.
Больш надзейнага камбайнера не знайсці.
У гэтым запэўніў муж. А потым і жонка: – З Андрэем мне нічога не страшна. Я за ім, як за каменнай сцяной. Хлеб убіраць удвох – справа цікавая.
Скончыцца жніво, Ганна выйдзе на сваю звыклую работу. Але, магчыма, будзе з нецярпеннем чакаць наступнай уборачнай, каб зноў у адным экіпажы з каханым раз’язжаць па родным прасторам.
На развітанне Андрэй лёгка паднімаецца па лесвічцы ў кабіну камбайна, за ім – жонка. А пасля намалоту глядзяць зачаравальнае відовішча: зерне льецца з бункера ў кузаў машыны…

Фото и текст ВИКТОРИИ МОРОЗ
