Прафесію тэхніка-асемянатара прэстыжнай не назавеш. Адно толькі яе згадка выклікае ў многіх шматзначныя ўсмешкі і жарты. У той жа час ад прафесіяналізму работнікаў па штучным асемяненні жывёлы залежыць поспех жывёлагадоўлі.
Адным з лепшых асемянатараў па выніках 2022 года прызнана Алена Кірынская з КСУП «Скараднянскі». Яна адзначана каштоўным падарункам і лістом падзякі ў рамках прафсаюзнай акцыі «Наш жывёлавод».

Каб карова ацялілася і стала даваць малако, яе трэба асемяняць. Сёння да гэтага працэсу быкі прыцягваюцца рэдка. Штучнае асемяненне, кажуць спецыялісты, больш эфектыўнае.
Алене Кірынскай з КСУП «Скараднянскі» праца тэхніка-асемянатара падабаецца, і яна не шкадуе, што больш чым 10 гадоў таму выбрала менавіта гэтую прафесію. Дакладней, прафесія яе выбрала. А прафесія у Алены па дыплому, атрыманаму пасля заканчэння Нараўлянскага прафесійна-тэхнічнага вучылішча, – повар. Але па спецыяльнасці ёй працаваць не давялося. Вясковай дзяўчыне (Алена з маленства жыла ў вёсцы Белякі, а пазней – у Валаўскай Рудні) больш даспадобы была праца ў сельскай гаспадарцы.
– Ды і дзе ў малых вёсках сталоўкі і рэстараны? – разважае Алена. – Таму і пайшла працаваць на ферму. З 2005 года працавала лабарантам на малочнатаварнай ферме «Валаўская Рудня», а з 2013 года, пасля заканчэння курсаў, – асемянатарам. Сёння я абслугоўваю больш за чатыры сотні галоў. Мне мая праца па душы, задавальняе і фінансавы бок. Я – сельскі жыхар і ў горад ніколі не імкнулася.
Сям’я Алены Кірынскай жыве ў Валаўскай Рудні ў вялікім доме з усімі выгодамі, выдзеленым калісьці гаспадаркай. Муж Анатоль працуе ў Качышчанскім лясніцтве. Дзеці – адзінаццацікласніца Наталля і васьмікласнік Мікіта – вучацца ў Качышчанскай школе. Дома сям’я гаспадарку не трымае, толькі агародам займаецца.
– Не хапае часу на дамашнюю гаспадарку, – прызнаецца Алена. – Штодзень пад’ём на работу – у чатыры гадзіны, на ферме практычна да абеду знаходзішся. Пасля невялікага перапынку, у час якога трэба ўсе хатнія справы зрабіць, зноў на ферму, да дзесяці вечара. Гэта калі ніякіх надзвычайных сітуацый не ўзнікае.
Тэхніка-асемянатара ў сельскай гаспадарцы можна назваць своеасаблівым перынатальным цэнтрам. Ён кантралюе ўвесь працэс: ад асемянення да цялення, дапамагае ветурачам выяўляць і лячыць хваробы, вакцынаваць кароў, вядзе дакументацыю. І менавіта ад вопыту і адказнасці гэтых працаўнікоў шмат у чым залежыць, ці будзем мы з малаком і мясам. Іншымі словамі, наша будучыня ў іх руках.
Ганна Гаурылава газета «Народны голас»
