Зноў лета, зноў у кагорце перадавікоў. Для Аляксандра Кушнярова гэта ўжо традыцыя. Таму да сустрэчы з журналістамі перадавік падышоў як да радавой падзеі. І замест таго, каб прадумваць адказы на пытанні, сяльчанін заняўся воднымі працэдурамі. Пад струменем апынуўся не ён сам, а матор яго машыны.
– І вам дзень добры! Хаця калі над галавой такое сонейка і чысты гарызонт, у мяне заўсёды настрой пазітыўны. Значыць, наперадзе новы працоўны дзень. Наперадзе яшчэ каля паловы ўраджаю, які трэба перавезці. Пакуль жа вырашыў абдаць рухавік. А з мыйкай высокага ціску, аб якой загадзя паклапацілася кіраўніцтва гаспадаркі, рабіць гэта і хутка, і прыемна.
– Спякота не замінае? – цікавімся мы ў суразмоўніка.
Не, кажа ён, бо кандыцыянер у кабіне працуе спраўна.
– А ў пераносным сэнсе горача?
– Яшчэ як!
Ужо больш за паўтары тысячы тон зерня перавёз з палёў «Завідаўскага», расказаў Аляксандр. Літаральна некалькі дзён у такім жа тэмпе – і сяльчанін стане двухтысячнікам.
Да звання лепшага ў гаспадарцы і аднаго з лідараў жніва на Добрушчыне аграрый ішоў з 15 гадоў. Менавіта ў гэтым узросце юнак першы раз працаваў памочнікам камбайнера падчас уборачнай кампаніі. Кемлівага хлопца да сябе ў кабіну «Дона» ўзяў дзядзька Аляксандр. На наступны год цёзкі зноў сталі камандай на перыяд жніва. Так і пайшло…
– Першая культура, якую сёлета засыпаў у засекі гаспадаркі, – азімы ячмень. Пасля былі рапс, пшаніца, – кажа суразмоўнік. – І вось каторы тыдзень я ў полі. Так, «бегаючы» рэйс за рэйсам, як спрынтар на марафоне, і апынуўся сярод лідараў.
– Калектыў у нас зладжаны, кожны ведае свой фронт работ, дапамагаем адзін аднаму, – пералічвае фактары поспеху Аляксандр Кушняроў. – А яшчэ, – смяецца,– мне пашчасціла, што кузаў рабочага грузавіка ўмяшчальны. Таму вадзіцель з вёскі Леніна за раз можа перавезці з поля 25 тон зерня.
Мужчына таксама не ўтойвае, што задаволены і зарплатай. Гаворыць: гэтыя грошы ўжо зусім скора патраціць з жонкай і сынам Цімурам на школьным базары, збіраючы школьніка да новага навучальнага года. Дарэчы, падлетак, як і бацька калісьці, марыць дапамагаць на жніве.
Ольга Глызина
Фото Евгения УСТИНОВА
Районная газета «Добрушский край»
