Дата 17 ліпеня для Лельчыцкага раёна — асаблівая. Сто гадоў таму назад, у 1924 годзе, створаны Лельчыцкі раён замест ліквідаваных Буйнавіцкай і Лельчыцкай валасцей Мазырскага павета ў складзе створанага Мазырскага павета Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі.
20 жніўня раён падзелены на 12 сельсаветаў: Бараўскі, Буйнавіцкі, Глушкавіцкі, Грабянёўскі, Замошскі, Картыніцкі, Лельчыцкі, Мілашавіцкі, Астражанскі, Сіманіцкі, Сінпольскі і Стадоліцкі. На тэрыторыі раёна налічвалася 147 населеных пунктаў, 4 913 гаспадарак, 27 664 жыхары, а ў сяле Лельчыцы — 306 гаспадарак і 1 659 жыхароў.
Кніга «Хроніка Убарцкага Палесся» сведчыць: перад кіраўніцтвам раёна стаяла асноўная задача — ліквідацыя непісьменнасці. У 1924-25 гадах ужо дзейнічала 23 школы, дзе навучалася болей тысячы дзяцей.
1925 г. 12 лістапада адчыніліся першыя дзіцячыя яслі. У сакавіку ўрад зацвердзіў перспектыўны план меліярацыйных работ на 1925-1933 гады.
1926 г. Паводле другога Усесаюзнага перапісу насельніцтва ў Лельчыцкім раёне налічваўся 30 661 жыхар.
1927 г. Створана першая калектыўная гаспадарка з назвай «III Інтэрнацыянал». Новая эканамічная палітыка ўлад спрыяла не толькі развіццю прамысловасці і сельскай гаспадаркі, але і вывучэнню гістарычнай спадчыны. Адбыліся першы (1926 г.) і другі (1927 г.) Усебеларускія краязнаўчыя з’езды.
1928-1929 гг. Лельчыцкая раённая краязнаўчая канферэнцыя заслухала справаздачны даклад аб працы таварыства за год. А ў вёсках арганізоўваюцца калектыўныя гаспадаркі: у Слабадзе «Чырвонае Палессе» са спецыялізацыяй «свінагадоўля», у Лельчыцах — «Чырвоны араты».
У пачатку 1930-х гадоў карэнным чынам мяняецца эканамічная і культурная палітыкі ўлад.
1931 год багаты на падзеі: выходзіць выданне раённай газеты «Калгаснік на варце» — органа Лельчыцкага РК КП (б)Б, райвыканкама і райпрафсаюза. На тэрыторыі раёна пражывае 33 260 чалавек. Старажытная вёска Радзілавічы пераймяноўваецца ў Дзяржынск. Пабудавана першая метэаралагічная станцыя.
1932 г. У мястэчку Лельчыцы створана першая ў раёне машынна-трактарная станцыя.
З матэрыялаў раённага выдання вынікае: «у 1933 годзе ў Лельчыцкім раёне пражывала 3 125 чалавек непісьменных і 2 340 малапісьменных. У канцы 1934 года дзейнічалі адна сярэдняя, 15 няпоўных сярэдніх і 46 першапачатковых школ. У гэты час уведзяно ўсеагульнае навучанне. Калі ў 1930 годзе навучалася толькі 1 934 дзіцяці, то ў 1934 — 5 419. На асвету выдаткоўвалася 49,6% раённага бюджэту».
Настаўнік з Буйнавічаў М. Стасенка ўспамінаў: «Зусім змянілася становішча пры савецкай уладзе. Нягледзячы на маю старасць, я адчуваю сябе маладым. Навучанне стала дастойнасцю ўсіх працоўных».
1933 г. Уведзены ў эксплуатацыю цагляны завод у Маркоўскім. У Лельчыцах дзейнічаюць дзве школы камуністычнай моладзі — яўрэйская і беларуская.
1934 г. У райцэнтры пабудаваны новы двухпавярховы дом райвыканкама, распачалася кампанія па скасаванні хутароў і ўзбуйненні калгасных вёсак.
1935 г. Адбыўся II Усесаюзны з’езд калгаснікаў, дзе быў прыняты Прыкладны Статут сельскагаспадарчай арцелі, які адыграў вялікую ролю ў далейшым развіцці калектыўнай гаспадаркі. Лельчыцкі раён зноў уваходзіць у склад адноўленай Мазырскай акругі.
1936-1937 гг. Аб’яднаны ў прамысловы комплекс некаторыя дробныя прадпрыемствы. Паміж цэнтрам Лельчыцкага раёна і цэнтрам Мазырскай акругі ўстанаўліваецца пасажырскі рух. Арганізаваны Лельчыцкі лясгас. Зачыняюцца польскія школы.
Прамысловасць таго часу характарызавалася наступным чынам: налічвалася 34 прадпрыемствы, у тым ліку электрастанцый — 1, цагельня — 2, лесазавод — 1, бачарны завод — 1, швейныя арцелі — 2, сталярныя майстэрні — 1, вадзяныя млыны — 18, паравыя — 1 і шмат іншага.
1938 год 27 верасня. Указам Прэзідыума вярхоўнага Савета Беларускай ССР «Аб класіфікацыі населеных пунктаў» мястэчка Лельчыцы аднесена да катэгорыі гарадскіх пасёлкаў. У Буйнавічах утвараецца МТС (машынна-трактарная станцыя).
1939-1940 гг. У адпаведнасці з пастановай ЦВК БССР «Аб сцягванні калгасных хутароў у калгасныя цэнтры» пачалося масавае перасяленне калгаснікаў з хутароў у вёскі.
1941 г. Згодна з тагачаснай тапаграфічнай картай, у межах Лельчыцкага раёна дзейнічала вузкакалейная чыгунка. Яна праходзіла ў наваколлі вёсак Беражніца — Заходы — Буда-Сафіеўка — Буйнавічы — Крупка — станцыя Першамайск — Лісна — Ручное — Жаралец — станцыі Галадзеда — Жмурнае. Было адгалінаванне гэтай чыгункі ў наваколлі вёсак Спрымачоў — Зялёны Мох — Беражніца, будаваўся яе працяг каля вёсак Падляшша і Вуглы ў напрамку Сініцкага Поля. Але, паводле сведчання мясцовых жыхароў, у пачатку 1941 года вузкакалейка ля Жаральца была разабрана, ад яе доўгі час захоўваўся насып.
1941 год 22 чэрвеня. Вераломны напад фашысцкай Германіі перакрэсліў планы і замыслы ляльчан. Да канца жніўня 1941 года тэрыторыя Палескай вобласці была акупавана фашысцкімі захопнікамі. Але ў нашым раёне яшчэ працягвала існаваць савецкая ўлада. Гэта выклікала лютасць у фашыстаў.
Ужо ў верасні раён быў акупаваны. Немцы прыступілі да жорсткай расправы і знішчэння мірных жыхароў.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны 2 676 нашых жыхароў аддалі свае жыцці за свабоду і незалежнасць Айчыны. У партызанскіх атрадах і падполлі загінулі 350 народных мсціўцаў і членаў іх сем’яў, 1 780 нашых землякоў пагнаны ў Германію, 155 з іх — не вярнуліся дадому.
1944 год 23 студзеня. Тэрыторыя Лельчыцкага раёна вызвалена ад фашысцкай няволі часткамі 61-й арміі Беларускага фронта ва ўзаемадзеянні з Лельчыцкай партызанскай брыгадай.
Акупанты прынеслі насельніцтву бяду і шматлікія страты. У Беларусі было толькі два раёна — Асвейскі і Лельчыцкі, дзе захопнікі праводзілі аперацыі супраць мірнага насельніцтва, знішчалі яго разам з вёскамі, рабавалі маёмасць і, урэшце, ператварылі іх у пустэльныя. Разам з жыхарамі спалены вёскі Глушкавічы, Тонеж, Мілашавічы, Прыбалавічы.
Але нічога не змагло зламіць свабодалюбівы дух жыхароў Лельчыцкага раёна.
1945 год студзень. Узнавілася выданне «органа Лельчыцкага РК КП(б)Б і Райсавета дэпутатаў працоўных» раённай газеты «Па сталінскаму шляху». У 1943 годзе яна выдавалася падпольным райкамам партыі. Звыш 5 000 лістовак, газет было выпушчана ва ўмовах падполля. Для гэтага Сабураў выдзеліў дзве наборныя касы, ціскальны станок і некалькі кілаграмаў шрыфту. Гэта і была ўся друкарня.
Пасля вызвалення раёна паступова аднаўляюцца і ўзмацняюцца ўсе калгасы. Пабудаваны два паравыя млыны. Зноў пачалі дзейнічаць райпрамкамбінат, цагельны і ганчарны заводы, арцель «Большэвік», леспрамгас. Нанава адбудаваны ўсе 62 вёскі, райцэнтр, аднаўлялася МТС. Толькі ўлетку і восенню 1944 года калгаснікам пабудавана 4 500 дамоў, працуюць 48 школ, бальніцы, урачэбныя і фельчарскія пункты, хаты-чытальні. Працаўнікі раёна атрымалі бясплатна ад дзяржавы па лініі Чырвонага Крыжа больш як 5 000 пар рознай адзежы, 3 000 метраў тканіны.
Нягледзячы на цяжкія ўмовы пасляваеннага жыцця, раёну па-ранейшаму даводзіўся план збожжапаставак.
1945-1946 гг. Адраджэнне папялішча цагельнага завода ў Ліплянах, аднаўленне ў Лельчыцах стацыянарнага гукавога кіно.
1947-1948 гг. Пачынаецца асваенне малых рэк Палесся, у тым ліку Убарці. На 1 чэрвеня ў Лельчыцкім раёне ў зямлянках пражывала 290 сем’яў, а на падсяленні — 140.
16 снежня 1947 года праведзена грашовая рэформа ў спалучэнні з адменай карткавай сістэмы шляхам разгортвання гандлю па адзіных дзяржаўных цэнах. Па вуліцы Савецкай у Лельчыцах адчынены новы газетны кіёск «Саюздрук».
1950-1951 гг. Адбылося ўрачыстае адкрыццё помніка У. І. Леніну. У выніку ўзбуйнення замест 60 утворана 25 калгасаў, праведзены ўсесаюзны перапіс жывёлы.
1952 г. Райкамунгасам праводзіцца двухбаковая пракладка тратуараў па вуліцы Савецкай у Лельчыцах, а таксама агароджа вуліцы Камунальнай і дамоў. Адбыўся пуск гідраэлектрастанцыі ракі Свінаводка ў Сіманічах. У Лельчыцах школа-семігодка ператворана ў дзесяцігодку (цяпер сярэдняя школа №2).
1954 г. У сувязі са скасаваннем Палескай вобласці, Лельчыцкі раён уключаецца ў склад Гомельскай вобласці.
1956 г. Газета «Па сталінскаму шляху» выйшла пад новай назвай «Совецкае Палессе».
1957 г. У раённай бальніцы пачала працаваць зубапратэзная майстэрня. Будуецца гародніна-сушыльны завод пры Лельчыцкай нарыхтоўчай канторы.
1959 г. Паводле чацвёртага Усесаюзнага перапісу насельніцтва ў раёне пражываў 34 081 чалавек, у тым ліку ў Лельчыцах — 4 079.
1962 г. Да Лельчыцкага раёна далучаецца тэрыторыя Букчанскага, Дзяржынскага і Тонежскага сельсаветаў ліквідаванага Тураўскага раёна. Тэрыторыя раёна ў скла-дзе 13 сельсаветаў перададзена ў склад Мазырскага раёна Гомельскай вобласці, але ў 1965 годзе адбылося аднаўленне Лельчыцкага раёна. Заснавана перасоўная механізаваная калона-103 (цяпер ААТ «Лельчыцкая ПМК-103»).
1965 г. Амаль усе вёскі электрыфікаваны. Пачатак выдання газеты «Светлае жыццё» (рэдактар У. А. Флёрка). Раённая газета надрукавала заклік перасяляцца ў раёны Казахстана на асваенне цалінных зямель. Перасяленцам даваліся вялікія ільготы.
1969 г. Каля сяла Глушкавічы адкрыты першы ў Беларусі кар’ер прыроднага будаўнічага каменю. Заснаваны Прыпяцкі дзяржаўны ландшафтна-гідралагічны заказнік.
У 1972 годзе з’явіўся новы будынак раённай бальніцы. Створаны Лельчыцкі ДТСААФ.
1974 г. Тэрыторыя Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці складае 3,2 тысяч квадратных кіламетраў, налічваецца 76 населеных пунктаў.
Да 80-годдзя ўтварэння раёна, 17 ліпеня 2004 года, «раёнка» размяшчае інтэрв’ю з тагачасным старшынёй Лельчыцкага райвыканкама Уладзімірам Мірановічам, які тут пачаў жыць і працаваць з 1966 года, а ўзначаліў раён у 1982 годзе. Вось некаторыя вытрымкі: «За гэты час карэнныя змены адбыліся ў сферах выхавання, аховы здароўя, культуры. У райцэнтры сучасны бальнічны гарадок. Дзейнічаюць участковыя бальніцы ў Буйнавічах, Сіманічах, Глушкавічах і 38 ФАПаў. Сапраўднымі ачагамі народнай творчасці сталі дамы культуры і клубы: Дуброўскі, Сіманіцкі, Стадоліцкі, Бараўскі, Ліплянскі, Тонежскі — гэта сучасныя палацы, пра якія нашы дзеды і прадзеды і марыць не маглі. Народная творчасць, мастацкая самадзейнасць знаходзяцца ў росквіце. А дасягненні нашых юных спартсменаў! Наогул Лельчыцы сталі традыцыйным месцам правядзення розных спартыўных спаборніцтваў.
За апошнія гады Лельчыцы павялічыліся амаль удвая. Жыхарамі пабудавана з дапамогай дзяржавы і за ўласныя зберажэнні больш 1 000 дамоў. Пракладзены газаправод, жыхары мікрараёна карыстаюцца прыродным газам. На яго пераведзена цэнтральная кацельня гарпасёлка, газіфікуецца кацельня бальніцы. Пракладзены «ніткі» газаправодаў нізкага ціску да жылых дамоў індывідуальнай забудовы. На новых вуліцах адразу ж вырашаюцца пытанні пракладкі вадаправода, каналізацыі, добраўпарадкавання.
Нядаўна ў раёне пабываў Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка. Ён паставіў задачу скараціць беспрацоўе, якое, дарэчы, у нас самае нізкае сярод краін СНД.
На працягу трох гадоў ляльчане спраўляюцца з прагнознымі паказчыкамі. Штогод праводзіцца некалькі семінараў, у тым ліку абласных і рэспубліканскіх. Іх удзельнікі даюць высокую адзнаку зробленаму ў будаўніцтве, спажыўкааперацыі, ахове здароўя, адукацыі, культуры, сельскай гаспадарцы, навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні».
У артыкуле ад 16 ліпеня 2014 года «Процветай, мой край родной», прысвечаным 90-годдзю заснавання Лельчыцкага раёна, газета «Светлае жыццё» пісала: «У пасляваенныя гады раён хутка рос і развіваўся. З 1966 па 1970 гады ўведзены ў эксплуатацыю Ліплянскі цагляны завод, хлебакамбінат, аўтабаза, пабудавана 30 мастоў, 30 кіламетраў дарог з цвёрдым пакрыццём, узведзены тыпавы будынак сярэдняй школы №1. Ужо ў 1974 годзе дзейнічала 17 сярэдніх, 17 васьмігадовых і 32 пачатковыя школы».
1974 г. Пачатак газіфікацыі прыродным газам Лельчыцкага раёна.
У 1975 годзе пачаў працаваць шчэбзавод «Глушкевічы».
1977г. Пачатак будаўніцтва саўгаса «Ударны», 1986 г. — яго завяршэнне. У гэтым жа годзе саўгас «Лельчыцкі» аб’яднаны з новым саўгасам «Ударны», а кормапрадпрыемства «Стадолічы» пераўтворана ў аднайменны міжгас. У 1986 годзе ў раёне дзейнічалі 4 саўгасы і 20 калгасаў.
1982 г. Створана прафесійна-тэхнічнае вучылішча №188.
1986 г. Катастрофа на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Адлегласць ад Лельчыц да Чарнобыля — 130 кіламетраў. Асабліва забруджанымі радыеактыўнымі рэчывамі аказаліся вёскі Вусаў і Грабяні. Яны трапілі ў «зону з правам на адсяленне». Астатняя тэрыторыя раёна — ў «зону з перыядычным радыяцыйным кантролем».
1989 г. Паводле перапісу насельніцтва ў раёне налічвалася 33,8 тысячы чалавек, у тым ліку ў райцэнтры — 8,6 тысячы чалавек.
1989 г. Стварэнне краязнаўчага музея.
1990 г. 27 ліпеня прынята Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце БССР. Пасля правалу дзяржаўнага перавароту 25 жніўня 1991 года, прымаецца рашэнне аб незалежнасці, палітычнай і эканамічнай самастойнасці Беларусі. Дзейнасць камуністычнай партыі прыпынена. 10 снежня 1991 года створана Садружнасць незалежных дзяржаў і дэнансаваны саюзны дагавор ад 1922 года. СССР перастае існаваць.
Адным з вынікаў гэтых падзей стала парушэнне гаспадарчых сувязяў. Пачалося абсталяванне дзяржаўнай мяжы з Украінай. Так утварылася мытня «Глушкевічы». У 1998 — вызначана Пагранічная зона. У яе трапілі Дзяржынскі, Глушкавіцкі, Мілашавіцкі, Грабянёўскі, Бараўскі сельсаветы.
Такім чынам, амаль праз паўстагоддзе Лельчыцкі раён зноў стаў пагранічным з адпаведнымі атрыбутамі сувярэннай дзяржавы.
1997 г. У Лельчыцах працуюць прадпрыемствы будаўнічых матэрыялаў, харчовай прамысловасці; дзве сярэднія школы; школа мастацтваў; 5 дашкольных устаноў; дзве бібліятэкі; краязнаўчы музей; Дом культуры; кінатэатр; бальніца; 4 аддзяленні сувязі, 24 магазіны, Свята-Троіцкая царква; касцёл Прасвятога сэрца Іісуса і Дзевы Марыі з Фацімы.
1998 г. XV сесія раённага Савета дэпутатаў XXII склікання прыняла рашэнне аднесці г. п. Лельчыцы да катэгорыі гарадоў раённага падпарадкавання.
1999 г. Паводле перапісу, насельніцтва раёна складае 31 913 чалавек, адчынены раённы Дом рамёстваў.
2000 г. Асвечана новая Свята-Троіцкая царква ў Лельчыцах.
2001 г. Зацверджаны праекты герба и флага гарпасёлка і раёна.
2003 г. Адноўлены Мілашавіцкі лясгас Гомельскага лесагаспадарчага аб’яднання.
2004 г. Адчынены тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
2005 г. У Маркоўскім пачынае працаваць сацыяльны прыют для дзяцей.
2005-2010 гг. Некаторыя сельскія населеныя пункты набываюць статус аграгарадка, у сувязі з пачаткам дзейнасці праграмы адраджэння і развіцця вёскі.
2006 г. Здадзена ў эксплуатацыю першая чарга новай газазаправачнай станцыі №66 Мазырскага філіяла канцэрна «Беларуснафта».
2007 г. Адчынены раённая дзіцячая бібліятэка, цэнтр для дзяцей і юнацтва; гарадскі фантан.
2010 г. Здадзена ў эксплуатацыю Лельчыцкая раённая гімназія.
2020 г. Напярэдадні Дня Незалежнасці з’явілася экспазіцыя ваеннай тэхнікі.
2023 г. Рэканструіраваны і запрацаваў адноўлены стадыён «Палессе».
У цяперашні час ў Лельчыцкім раёне эфектыўна функцыяніруе эканоміка, ажыццяўляецца будаўніцтва жылля, у тым ліку і пры дапамозе льготнага крэдытавання, уводзяцца ў эксплуатацыю станцыі абезжалезвання вады, устаноўлена яшчэ адна аўтазаправачная станцыя. Ва ўстанове аховы здароўя аднаўляецца медыцынскае абсталяванне, тэхпаркі сельгаспрадпрыемстваў папаўняюцца новай тэхнікай. Радуюць сваімі поспехамі юныя спартсмены, творчыя калектывы.
Галоўны гонар Лельчыцкага раёна — нашы знакамітыя землякі: доктары медыцынскіх навук Мікалай Паўлавіч і Уладзімір Паўлавіч Дрынеўскія; доктары біялагічных навук Вольга Іванаўна Ігнатоўская, Кацярына Іванаўна Слабажаніна; кандыдат біялагічных навук Уладзімір Пятровіч Шуканаў; кандыдат філалагічных навук Васіль Васільевіч Шур і іншыя.
У сваёй стваральнай працы мы раўняемся на людзей, якія ўнеслі дастойны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна, узнагароджаных ордэнамі Леніна, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга «Знак Пашаны». Гэта Адам Кірылавіч Паўлечка, Мікалай Пятровіч Ляшчынскі, Адам Арсеньевіч Жогла, Уладзімір Фёдаравіч Сасноўскі, Уладзімір Дзмітрыевіч Рыбінскі, Адам Аксенцьевіч Астаповіч, Марыя Нікіфараўна Шкробат».
Многае перажыў наш раён. Кожная старонка яго багатай гісторыі ўнікальная, на кожнай — здзяйсненні і лёсы людзей. Іх вялікая сіла духу, вялізны патэнцыял, бязмежная любоў да родных мясцін, заўсёды дапамагалі выстаяць у самыя цяжкія часы.
Сёння, гаворачы аб гісторыі раёна, нельга не сказаць пра людзей, якія ўнеслі значны ўклад у станаўленне і развіццё Лельчыцкага раёна. Яны зараз з’яўляюцца заслужанымі і ганаровымі грамадзянамі раёна. Гэта Семяновіч Васіль Цімафеевіч, Курдо Марыя Васільеўна, Канопліч Павел Ігнатавіч, Казлоў Мікалай Пятровіч, Тарасевіч Сцяпан Іванавіч, Мялешка Сямён Ігнатавіч, Бабуркін Мікалай Цітавіч, Марціновіч Іван Мікітавіч, Юніцкі Пётр Адамавіч, Васілеўскі Міхаіл Пятровіч, Відура Таццяна Парфіраўна, Катлярчук Паліна Іванаўна, Яворскі Яраслаў Андрэевіч, Чыкіда Валянціна Харытонаўна, Зубрэй Іван Нілавіч, Сыдзько Міхаіл Пятровіч, Коблаў Рыгор Пятровіч, Вінакураў Фёдар Іванавіч, Суржэнка Трафім Антонавіч, Некрашэвіч Мацвей Данілавіч, Сафонаў Кірыл Якаўлевіч, Дашкевіч Мікалай Аляксеевіч, Дрынеўскі Міхаіл Паўлавіч, Мірановіч Уладзімір Анісімавіч, Буткоўскі Валянцін Пятровіч, Варановіч Мікалай Іванавіч, Назарчук Пётр Фёдаравіч, Клюева Паліна Міхайлаўна, Алесіч Адам Пятровіч.
На тэрыторыі раёна ёсць 114 помнікаў гісторыі, архітэктуры і археалогіі. Сямі з іх нададзены статус гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Ёсць і помнік прыроды рэспубліканскага значэння — цар-дуб.
Жыццё не стаіць на месцы. ажыццяўляюцца грамадскія ініцыятывы, дзякуючы працавітасці, неабыякавасці і любові да сваёй малой радзімы яго жыхароў.
Лельчыцкі раён: толькі лічбы
1924 г. — 12 сельсаветаў, тэрыторыя складае — 2,5 тыс. кв. км
1926 г. — 30,7 тыс. чал. (мужчын — 15,4; жанчын — 15,3).
Прайшло 100 гадоў
2024 г. — 12 сельсаветаў, тэрыторыя складае — 3 221,7 кв. км
Насельніцтва на 1 студзеня 2024 г.:
у раёне пражывае 23,6 тыс. чалавек;
у Лельчыцах — 12,3 тыс. чалавек;
жанчын — 12,2 тыс.;
мужчын — 11,4 тыс.
У 2023 годзе ў эканоміцы раёна занята 8,9 тыс. чалавек. На канец года дзейнічала 230 арганізацый.За 5 месяцаў 2024 года вытворчасць прадукцыі сельскай гаспадаркі ў параўнанні са студзенем 2023 года павялічылася ў супастаўных цэнах на 8,9%. Вытворчасць жывёлы вырасла на 13,9% і склала 1,4 тыс. тон, вытворчасць малака — на 6,7% (8,2 тыс. тон).Рознічны тавараабарот у студзені-маі 2024 года склаў 44,6 млн руб., што ў супастаўных цэнах на 10,3% вышэй за ўзровень студзеня-мая 2023года
газета «Светлае жыцце»