У КСУП “Ельск” ушаноўвалі вадзіцеля, які першым у раёне перавёз тысячу тон збожжа. Ім стаў Дзяніс Кандраценка, на чыім рахунку тысяча тон перавезенага ад камбайнаў на зерняток збожжа.

Які камбайнер ці вадзіцель на жніве не жадае стаць тысячнікам? Запаветны паказчык дасягаюць і перасягаюць працавітыя, настойлівыя, адказныя. У гарачы ўборачны час з’яўленне на рахунку хлебароба чатырохзначнай камбінацыі – падзея знакавая. І яна, дарэчы, адзнака ўсім працаўнікам, якія шчыравалі, каб хлебны каравай быў шчодрым.

Асаблівая пашана на Ельшчыне вадзіцелям, якія першымі перавезлі запаветную тысячц тон, у дзвюх своеасаблівых намінацыях: сярод моладзі і сярод больш вопытных. Калі сярод маладых вадзіцеляў першым стаў Станіслаў Аляксееў з КСУП “Дабрынь”, то рэкордную тысячу сярод астатніх перавёз Дзяніс Кандраценка з КСУП “Ельск”.

На жніве Дзяніс Аляксеевіч не навічок, і быць сярод перадавікоў для яго – справа знаёмая: практычна штогод яго ўшаноўвалі сярод пераможцаў раённага спаборніцтва на жніве. Ды і раней не раз адзначаўся ў ліку першых= тысячнікаў.

Перавозіць збожжа ў гарачую жніўную пару на МАЗе для вадзіцеля Дзяніса Кандраценкі  –  не праблема, за рулём аўтамабіля ў сваёй гаспадарцы ўжо многа гадоў. Машыну адчувае і ведае ўсе сакрэты хуткай і ашчаднай дастаўкі зерня. А ад аператыўнасці і акуратнасці вадзіцеляў у многім залежыць вынік агульнай працы. Адданая праца на жніве не прымусіла доўга чакаць станоўчага рэзультата. На гэтым тыдні Дзяніс Кандраценка стаў героем жніва – атрымліваў заслужаныя ўзнагароды за першую перавезеную тысячу тон збожжа.

Дзяніс павышаную ўвагу да сваёй асобы ўспрымае спакойна, нават сціпла, адзначае, што ўсе яго калегі –  майстры.

Тысячніка з працоўнай перамогай павіншаваў намеснік старшыні райвыканкама, страшыня раённага аддзялення Беларускай партыі “Белая Русь” Галіна Ільюк, старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Вольга Багінская, дырэктар КСУП “Ельск” Валянцін Маркавец. Лісты падзякі, грашовыя прэміі, падарункі, кветкі, цёплыя словы віншаванняў і пажаданні новых працоўных перамог – усё за шчырую працу Дзяніса Аляксеевіча.

А яшчэ ў гонар героя падзеі прыгожа лілася песня – музычнае віншаванне за ўдарную працу артыстаў народнага тэатра песні “Вечарынка” пад кіраўніцтвам абаяльнай і непаўторнай Марыны Шчарбаковай.

Цёплыя словы, пажаданні і наказы – і Дзяніс Кандраценка зноў на маршруце: на палетках чакаюць камбайны.

Автор текста Анна Гаврилова

Автор фото Анна Гаврилова