Каб хто ведаў, як цікава перагортваць падшыўкі раённай газеты мінулых гадоў! Прыемна глядзець на герояў сваіх публікацый, сачыць за іх лёсам, жыццём, сталеннем.
Асабліва цікава сачыць за лёсам тых, на кім трымаецца жыццё ў вёсцы, тых, хто не здрадзіў роднай зямлі, а з першага дня працуе на ёй, выхоўвае дзяцей, імкнецца зрабіць жыццё на малой радзіме камфортным і прыгожым. У ліку адданых працаўнікоў вёскі – сям’я Таццяны і Яўгена Крывенькіх з аграгарадка Валаўск. Дванаццаць гадоў таму ў раённай газеце мы расказалі, як жыве маладая сям’я: «Яўген і Таццяна Крывенькія жывуць у пары ўжо сёмы год. Абое з вёскі Валаўск, пасля вяселля яны засталіся жыць і працаваць на радзіме. Маладой сям’і мясцовая гаспадарка адразу ж выдзеліла новы дом сядзібнага тыпу з усімі выгодамі. Паступова, з гаспадарскай лёгкай рукі, сядзіба абрасла новымі пабудовамі; з’явіліся лазня, гараж, гаспадарчыя памяшканні. Як і ў кожнай вясковай сям’і, у Таццяны і Яўгена ёсць невялікая дамашняя гаспадарка, агароды. З усім гэтым маладым гаспадарам, канешне ж, дапамагаюць спраўляцца бацькі…»
Час праляцеў незаўважна. Дванаццаць разоў з той публікацыі прыходзіла зіма, змянялася на лета. Выраслі дзеці, пасталелі гаспадары. Па-ранейшаму Таццяна працуе выхавацельніцай у дзіцячым садку, які зараз уваходзіць у састаў валаўскай школы. Яўген – адзін з лепшых працаўнікоў сельгаспрадпрыемства КСУП «Скараднянскі». Імя Яўгена Крывенькага заўсёды ў ліку лідараў раённых спаборніцтваў у розных намінацыях, у асноўным на перавозцы грузаў. За амаль дваццаць гадоў работы вадзіцелем Яўген Мікалаевіч на сваім МАЗе перавёз сотні тысяч тон збожжа, мукі, камбікорму, зялёнай масы і іншых грузаў.
Выраслі і дзеці Таццяны Сяргееўны і Яўгена Мікалаевіча. Старэйшы Аляксей – студэнт, трэці год набывае прафесію электрагазазваршчыка ў Калінкавіцкім каледжы меліярацыі. Малодшы Дзмітрый вучыцца ў 8 класе Валаўскай школы.
Сям’я Крывенькіх – з кагорты тых, хто не шукаў лепшага жыцця на чужыне, а з тых, хто нарадзіўся, вырас і стварыў сям’ю там, дзе жывуць і працуюць бацькі, там дзе знаёмы кожны куточак, кожная сцяжынка. І гэту спрадвечную любоў да малой радзімы яны, упэўнена, перадалі і сваім дзецям.

Текст и фото Анна Гаврилова
По материалам газеты «Народный голос»
