Спачатку яна была прадаўцом у магазіне аграгарадка Глінішча, а цяпер, больш за два гады, працуе дыспетчарам у КСУП «Імя І.П. Мележа». Алена Дубадзел – злучнае звяно ў эфектыўным выкананні палявых работ і каардынацыі ўсіх працэсаў жывёлагадоўчай галіны.
Рабочы дзень гераіні пачынаецца задоўга да таго, як яна прыйдзе ў «кантору», бо ранішнюю планёрку з удзелам дырэктара гаспадаркі на мехдвары яшчэ ніхто не адмяняў. Таму ў яе павінна быць поўная карціна спраў на комплексах і фермах. Тэлефон спецыяліста ў доступе круглыя суткі, нягледзячы на святы і законы выхадны дзень у нядзелю. Дарэчы, у тэлефоннай кніжцы мабільнага Алены Васільеўны ёсць практычна ўсе нумары работнікаў КСУП. Больш за тое, шмат з іх яна ведае на памяць, асабліва вяскоўцаў з «карпарацыяй». У дзень яна здзяйсняе ў сярэднім да 40 званкоў.
У сілу сваіх прафесійных абавязкаў дыспетчар сутыкаецца практычна з усімі работнікамі сельгаспрадпрыемства, добра ведае іх службовыя абавязкі, вядзе тэхналагічны і аператыўны кантроль за пасяўной і ўборачнай кампаніямі, а таксама падрыхтоўчым працэсам. Задач шмат: яна выпісвае «пуцёўкі» механізатарам, правярае на «Алкатэсце». Жанчына валодае ўсімі лічбамі: заўсёды ў курсе, колькі надаілі на кожнай ферме, чым накармілі жывёлу, які ўраджай той ці іншай культуры сабралі, колькі зябліва паднялі, як ідуць справы з нарыхтоўкай сіласу або сенажу. Дадзеныя штодзённа перадае на Хойнікі – упраўленню сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама.
«З дапамогай спецыяльных інфармацыйных сістэм мая работа становіцца лягчэйшай – на дапамогу прыйшла аўтаматызаваная сістэма АІС «Справаздача», якая паляпшае дакументазварот. Але як бы імкліва ні развіваліся новыя тэхналогіі, нічога не заменіць чалавека. Журналы я вяду ў ручным рэжыме. Мне так зручна. Калегі таксама вельмі важныя для мяне, вялікі дзякуй Эльміры Міхайлаўне Кудрыцкай – яна мяне ўсяму навучыла. Любое пытанне можна аператыўна вырашыць з кіраўніцтвам прадпрыемства. У працаўнікоў сяла бывае рознае: калі, напрыклад, уборачная – я затрымліваюся на рабоце. Стаўлюся да гэтага з разуменнем, бо каму хлебаробы скажуць, колькі тон збожжа намалацілі за дзень? Сапраўды, імкнуся не падводзіць калектыў і не адмаўляць, калі ёсць магчымасць дапамагчы. З натхненнем магу расказваць пра работу, бо моцна хварэю за сваю справу» – прызнаецца Алена Дубадзел.
Калі ж адпачываць? – пацікавіліся ў гераіні. І тут хуткі адказ: «У мяне энергіі хапае. Я патрэбна сваім дзецям і гаспадарцы, якую не маю права падвесці. Тады стомленасць кудысьці сыходзіць».
Фото и текст Виктории МОРОЗ
Размещено на сайте районной газеты «Хойнiцкiя навiны»
