Кожную ўборачную кампанію імя гэтага хлебароба неднаразова з’яўляеца на старонках раённай газеты: ён б’е ўласныя рэкорды і спыняцца, здаецца, не збіраецца. Для яго гэта ўжо пятнаццатае жніво ў КСУП «Імя І.П. Мележа». Нягледзячы на доўгія гадзіны ў полі, аграрый поўны аптымізму.
У гарачую пару мы толькі расказваем аб дасягненнях перадавікоў. Аднак забываем, што найважнейшы складнік высокіх паказчыкаў на залатой ніве – падтрымка сям’і, надзейны тыл, які хлебаробам забяспечваюць жонкі, дзеці.
Усе жыхары роднага аграгарадка Глінішча ведаюць, што Дзмітрый Юшкевіч (разам з напарнікам Васіліем Кузменка) сёлета зноў намалоцяць на камбайне тысячу тон зерня, а то і дзве (такі рэкорд быў). Асабліва ў гэтым упэўнены спадарожніца жыцця Дзмітрыя – Надзея (жанчына працуе ў мясцовай школе настаўнікам хіміі і біялогіі), іх дачка Дар’я і сын Леанід.
«Уборачная – час для нашай сям’і вельмі няпросты. Кожны вечар чакаю мужа з палёў, рыхтуюся яго сардэчна сустрэць, падтрымліваем добрым словам. Сапраўды, у гэты перыяд важна праявіць разуменне і вытрымку. Разам з дзецьмі пытаемся, як прайшоў дзень нашага здабытчыка. Абавязкова гатую што-небудзь смачнае. Дзіма ў мяне не пераборлівы, спажывае практычна ўсё. Аднак больш любіць адбіўныя, бульбу ў любым выглядзе, тварожную запяканку. Заўсёды ў нас на стале хлеб. І ссабойку складваю на поле – сала, цыбулю, памідоры. Канешне хвалююся, каб тэхніка ў мужа не зламалася, каб надвор’е выдалася не моцна гарачым, а галоўнае – без дажджу», – прызнаецца Надзея.
– А мы с Лёняй у бацькі кожны дзень цікавімся колькі ён тон набраў. Хочам, каб хутчэй. Каб быў першы. Прыемна потым, калі яго прыязжаюць віншаваць прама ў поле. Ды і фотаздымкі, якія вы, журналісты, аператыўна выкладваеце з узнагароджвання ў сацыяльныя сеткі, мы потым сабе захоўваем на памяць у тэлефоне. І пасылаем іх бабулям, – дадае Дар’я.
Дарэчы, Даша (закончыла школу) марыць праз некалькі сезонаў працаваць памочнікам камбайнера. І ні з кім-небудзь, а менавіта з бацькай у экіпажы. Што ж, Дзмітрый сказаў, што яшчэ падумае браць ці такога хлебароба. Дзеці у героя жніва працавітыя, вясковыя, вось і зараз на перадавой у студатрадзе БРСМ – чысцяць збожжа на КЗС.


У доме Юшкевічаў кожны куточак напамінае, што тут жыве хлебароб. Падзяк каля 50 штук. Самыя цэнныя для Дзмітрыя ад Адміністрацыі Прэзідэнта і Міністра сельскай гаспадаркі. А з раённых і абласных «Дажынак» (з Кармы і гарадскога пасёлка Акцябрскі) падарункаў не пералічыць – пральная машына, тэлевізары, пылесос, мікрахвалёўка, кававаркі, люстры, посуд. Усяму знайшлі прымяненне.
«Мне вельмі пашчасціла з жонкай. Яна у мяне залатая. Канешне, розныя сітуацыя бываюць у сям’і. Бывае і трохі пасварымся, аднак, адходзім за некалькі хвілін. І рухаемся далей. Разам. Бо ўжо не можам адзін без аднаго. Мая Аляксееўна, як яе часам называю, самая лепшая, цярпялівая. Яна, калі я ў полі, сочыць за асабістым падворкам, бо падчас уборачнай на яе жаночыя плечы цалкам кладуцца ўсе клопаты па гаспадарцы: накарміць парасят, курэй, гусей, прапалоць агарод. Спраўляецца мая гаспадыня», – душэўна расказвае хлебароб.
Многія калегі Дзмітрыя Юшкевіча ўжо жартуюць, што ён жыве ў камбайне. Шчыра кажучы, аграрый ужо не можа ўявіць сваё жыццё без поля. Лічыць, праца на зямлі – гэта яго прызванне. Ні разу не пашкадаваў аб сваім выбары.
– У гарачую пару, зразумела, пануе дух суперніцтва, – на развітанне кажа Дзмітрый. – Хочацца стаць першым экіпажам-тысячнікам у раёне.
Фото и текст ВИКТОРИИ МОРОЗ
