Пра вадзіцеля-перадавіка з КСУП «Імя І.П. Мележа» ў гаспадарцы ходзяць легенды. Як у хлебароба так спрытна атрымліваецца перавозіць зерне? Прычым, летась пайшоў на асабісты рэкорд – стаў дзвюхтысячнікам.
Проста залюбуешся, як Андрэй Паўлянок віртуозна вядзе махіну. На МАЗе ездзіць акуратна, каб ні адно зярнятка не выпала з кузава. Ураджай – вышэй за ўсё.
Увесь сакрэт паспяховых паказчыкаў механізатара крыецца ў сям’і, якая натхняе на новыя вяршыні.
«Працоўны дзень мужа праходзіць пад лозунгам «Ні хвіліны прастою!». Ні спякота, ні складаны графік ад зары да цямна яго ніколькі не палохаюць. Напружвае толькі адно – надвор’е. Калі, напрыклад, увесь дзень лье дождж і нават сонца не выглядвае, тады надыходзіць нейкая безнадзейнасць у душы. Але яна хутка адступае, бо я заўсёды Андрэю кажу, што ён усё роўна будзе лепшым для нас. Потым і яму весялей становіцца. А добрае слова ад сям’і вельмі важнае ў перыяд уборачнай», – расказвае спадарожніца жыцця хлебароба Святлана.
Андрэй Паўлянок з года ў год – тысячнік на жніве. Аднак лічыць сваю перамогу каманднай заслугай, аднак і вера жонкі ў самога Андрэя таксама мае вялікі сэнс: – Зладжаны калектыў у нас. Камбайнеры і вадзіцелі ў адной звязцы, бо адзін, як вядома, у полі не воін. Спаборнічаць на ўборачнай цікава, асабліва часта пытаюся ў калег з другіх гаспадарак, колькі яны перавезлі ўраджая. Мне ж патрэбна ведаць, хто лідзіруе (усміхаецца). На жніве яны таксама прыкладаюць усе сілы. Канешне, радуюся і за другіх хлебаробаў. Напрыклад, за дасягненні маладога вадзіцеля з ААТ «Веляцін Агра» Аляксандра Кардаша.
Наконт сям’і размоўцу не прыпыніць: – Жонка Святлана і дзеці – гэта маё ўсё! Пазнаеміліся з каханай мы рамантычна – на сельскай дыскатэцы ў Слабажанцы. І вось ужо 14 гадоў разам. Калі ідзе жніво я штодзень на полі, і па 14 гадзін даводзіцца быць за рулём. З самымі роднымі людзьмі бачуся рэдка, дзеці і жонка асабліва гэта адчуваюць на сабе. Праўда, кожную перамогу святкую с жонкай – гэта ў нас такі закон. Абавязкова віншуе мяне пацалункам. А дзеці – Ангеліна, Іван і Фадзей – заўсёды чакаюць, калі я духмяны каравай з поля дадому прынясу. Той, які я за тысячу тон атрымаў. Потым разам ядзім булку – такая традыцыя ў нас.
Маршрут нашага героя падобны дзень за днём – поле-зернесушыльны комплекс у Тунеўшчыне. Далей ураджай узважваецца, а затым аграрый выгружае яго на пляцоўку. Адтуль збожжа ідзе на апрацоўку. Бывае, і 25 рэйсаў за дзень Андрэй робіць. А калі на далёкія адлегласці вадзіцель ездзіць, то зерне ўкрывае тэнтам, каб у цэласці давезці да месца назначэння. Асабліва пшаніцу падабаецца перавозіць, бо яна цяжкая, а значыць, больш тон у скарбонку.
Зразумела, на жніве ўсе любяць працаваць – гэта і даход добры, і настрой яшчэ лепшы. Ды і час у дарозе пралятае хутка, па меркаванні Андрэя Паўлянка.
Дарэчы, пра мянушку героя. У «Мележа» яго ведаюць зусім інакш. Калі сказаць «Вунь Паўлянок паехаў», дык мала хто зразумее. А калі «Вадамер паехаў» – адразу ўсім сяльчанам ясна. Цікавая гісторыя: гэту мянушку Андрэй атрымаў у дзяцінстве. Як расказаў журналісту раёнкі, у школьныя гады ён баяўся вады, таму, калі ехаў на возера ці на вадаём, мераў глыбіню.
Мы сустрэліся з Паўлянкамі ўвечары, каля поля. Калі ад’язжала ад МАЗа, то было відаць, як сямейная пара міла развітваліся. Вось яно – каханне!
Згулялі з вадзіцем у трэндавую гульню «Норм ці стром?» (спецыяльна не перакладалі дакладна на беларускую мову, каб не згубіць сэнс)
– Абганяць на МАЗе калегу?
– Норм.
– Працаваць без выхадных?
– Стром.
– Не набраць тысячу тон?
– Норм.
– Даваць свае паролі жонцы.
– Норм.
– Аддаваць увесь заробак жонцы?
– Норм.
– Насіць шкарпэткі са шлёпанцамі праз палец?
– Стром.
– Перадорваць падарункі?
– Стром.
– Заглядваць у халадзільнік кожную хвіліну ў надзеі на тое, што там з’явіцца новая ежа?
– Норм.
– Размаўляць з самім сабою?
– Стром.
– Казаць кампліменты другім дзяўчатам?
– Норм.
– Абурацца на МАЗ, калі ён дрэнна сябе вядзе?
– Норм.
Фото и текст Виктории Мороз
Газета «Хойнiцкiя навiны»
