З дня на дзень аграрыі КСУП «Бялёў» павінны прыступіць да сяўбы кукурузы, а пакуль шпаркімі тэмпамі рыхтуюць глебу пад каралеву палёў.
Разам са старшынёй раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Анатолем Ермаковічам паназіралі за тым, як у гаспадарцы ідуць веснавыя палявыя работы.
– Зарплатай не крыўдзяць, – вітае нас на ўскрайку аднаго з тарфяных палёў механізатар Максім Мулюк. За рулём магутнага энерганасычанага трактара з шасці раніцы ён паспеў узараць не адзін гектар. – Абеды ў поле з кафэ «Бульбянае» дастаўляюцца. За поўны комплекс усяго паўтара рублі выходзіць, астатнюю суму гаспадарка плаціць. Да вечара і ссабойка пойдзе за мілую душу (усміхаецца). Вясна прыйшла, поле чакаць не будзе. Трэба старацца.
Так, вясковая праца – ненармаваная. Дзеці, а іх у сям’і трое, у гэты час яго амаль не бачаць. Сыходзіць з дому – яшчэ спяць, вяртаецца – трэба жонцы дапамагчы шпалеры паклеіць, рамонт распачалі. Толькі ніхто не скардзіцца на такі рытм, разумеючы, што сейбіты краіну кормяць. Дарэчы, старэйшы сын Аляксей, гледзячы на бацьку, збіраецца пасля 9 класа ісці па ягоных слядах, вучыцца на механізатара.
Пакуль рухаемся на другі участак, выканаўчы дырэктар КСУП «Бялёў» Аляксандр Талмачавец распавядае пра надзённае. За два тыдні зерневыя (авёс і ячмень) леглі ў глебу на плошчы 175 гектараў. З аднагадовых траў плануюць сеяць люцэрну і сою, сумарна 150 га. Кукуруза зойме 1300 га, з якіх 150 – на зерне. Пасля далучэння да гаспадаркі КСУПа «Чырвоны Бор» пагалоў’е буйной рагатай жывёлы павялічылася ў паўтара раза, адпаведна і кармавую базу трэба нарошчваць.
– Сёлета ўдалося заправіць глебу мінеральнымі тукамі пад 100-працэнтную патрэбу, таму спадзяёмся на аддачу, – з аптымізмам кажа бялёўскі кіраўнік. – Сяўба ідзе па плану, вялікіх праблем няма. Хіба толькі апошнія дажджы залішнія, але ж з надвор’ем не паспрачаешся.
Да слова, на нізкіх тарфяніках добра зарэкамендаваў сябе новы гусянічны трактар беларускай вытворчасці. Такія машыны вобласць перадала 10-ці раёнам. Механізатар Аляксандр Гаўрылаў хваліць тэхніку за высокую праходнасць на пераўвільготненай глебе.
– Як справы? – цікавіцца ў Аляксандра Макарэвіча, які на хвілінку заглушыў свой трактар з дыскамі, начальнік вытворчага ўчастка жывёлагадоўлі і раслінаводства гаспадаркі Аляксандр Струк. І чуе ў адказ, што ўсё ў парадку.
Гэта чалавек вопытны, не адна сяўба за яго плячыма. Сёння ён рыхтуе сабе фронт работ на лета і восень, калі перасаджваецца на корма- ці збожжаўборачны камбайн.
– Такой мокрай вясны даўно не было, – кажа механізатар. – Месцамі машына грузне, прабуксоўвае, тут трэба ўмеласць і шанцаванне.
На пасяўным канвееры задзейнічаны 16 чалавек, у тым ліку два – камандзіраваныя з ААТ «Людзяневічы». Зводны міжгаспадарчы атрад пачынаў працаваць, як мы пісалі, у «Коленскім». Там, дарэчы, зараз на кукурузе задзейнічаны і сеялкі КСУПа «Бялёў». Паралельна з падрыхтоўкаю глебы і сяўбою ярыны ідзе падкормка шматгадовых траў. На палетках шчыруюць два агрэгаты «Раса». Праз раскінутыя «крылы»-распыляльнікі яны падобныя на вялізных пчол. Падчас запраўкі ёмістасці КАСамі перакінуліся словам з кіроўцам маленькай машыны на спецыяльных гумавых колах Анатолем Чмыхуном. Мужчына гадоў як дзесяць мог бы заслужана адпачываць, але ж працу не кідае. Прызнаецца, што на пенсіі дома сядзець сумна, усё жыццё аддаў мясцовай гаспадарцы.
Анатоль Ермаковіч, прафсаюзны лідар АПК:
– У паспяховым правядзенні пасяўной немалаважная роля адведзена і прафсаюзам. Галоўная задача – стварэнне належных сацыяльна-бытавых умоў для ўдзельнікаў кампаніі. Пад нашым кантролем знаходзіцца забеспячэнне людзей спецвопраткай і сродкамі індывідуальнай аховы, правядзенне інструктажоў па ахове працы, арганізацыя гарачага харчавання, мер матэрыяльнага і маральнага стымулявання і іншыя пытанні.
Зводка
Па дадзеных райсельгасхарчу, гаспадаркі раёна ў поўным аб’ёме справіліся з сяўбою ранніх збожжавых. Яны занялі 2258 гектараў. З планавых 13050 га кукурузы на ўчарашнюю раніцу пасеяна 735 га, што складае шэсць працэнтаў. Працягваецца заштукоўванне насення гародніны і бульбы. Праводзіцца другая падкормка азімых культур.
Факт
- Аб’яднанне «Бялёва» і «Чырвонага Бора» адбылося 9 красавіка мінулага года.
- Сукупная плошча сельгасугоддзяў ўзбуйненай гаспадаркі – 5721 га, 4387 з якіх – ворыва.
- Урадлівасць зямлі складае 28,2 бала.
- На фермах утрымліваецца тры тысячы БРЖ, у тым ліку амаль 1200 кароў.
Светлана ШЕКОЛЯН.
Фото автора.