У гэтай жанчыны натруджаныя рукі і вельмі добры твар. Сціплая, працавітая, адказная… Клапатлівая гаспадыня, маці і бабуля. Звычайная, на першы погляд, вясковая жыхарка.

Звычайная, ды не зусім. Любоў Раманюк нарадзілася пасля Вялікай Айчыннай вайны – у ліпені 1949 года ў вёсцы Кавалі.  Дзяўчынка была трэцяй у сям’і, а за ёй – яшчэ шасцёра. Дзевяць дзяцей – не жарты, бацькам патрэбна працаваць. І, вядома ж, Люба была для малодшых і нянькай, і абаронай, і дапамогай.

Даяркай у калгас «Чырвоная ніва» прыйшла адразу пасля заканчэння васьмі класаў Буркоўскай сярэдняй школы. Адначасова паступіла ў Рэчыцкі сельскагаспадарчы тэхнікум на аддзяленне «заатэхнія». Праца ў калгасе, завочная вучоба – нагрузка немалая. Але працавітая, поўная стойкасці і мэтанакіраванасці дзяўчына спраўлялася. Дні яе былі насычаныя: даенне, уборка гною, кармленне жывёлы – усё ўручную, без стомы. Сшыткі, кнігі, канспекты чакалі дома.

У 1966 годзе Любоў Рыгораўна выйшла замуж і пераехала ў Буркі, праз год нарадзіла сына Сяргея. І адразу вярнулася на ферму, ніякі дакрэтны тады не быў прадугледжаны. Сына даводзілася пакідаць з бабуляй. Праз тры гады ў сям’і на свет з’явілася дзяўчынка.

Так, у працоўных і дамашніх клопатах, і жыла. У 1972-м ёй далі маладую групу кароў, і надоі адразу павялічыліся, стала перадавіком вытворчасці…

За высокія паказчыкі і майстэрства Любоў Раманюк узнагароджана ордэнамі Працоўнай Славы 3-й і 2-й ступеняў. У раёне яна, жыхарка Кавалей, адзіная, каго так высока адзначылі. Крыху не дасягнула яшчэ і да першай ступені. Дарэчы, працоўны подзвіг прыраўноўваецца да ратнага, ордэн Працоўнай Славы адпавядае баявому ордэну Славы. Такіх людзей і ў рэспубліцы няшмат. 

Яна даіла кароў 28 гадоў, і сёння таксама не можа сядзець без справы. Дом упрыгожвае вялікая колькасць кветак, даглядаць якія дапамагае  бабулі ўнучка Яўгенія.

Таму сёння Любоў Рыгораўна не засталася без увагі. В.а. начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Брагінскага райвыканкама Яўген Ясінскі, старшыня Брагінскай раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Людміла Дубіна і старшыня першаснай прафсаюзнай арганізацыі ААТ «Імя Жукава» Галіна Прахарэнка павіншавалі яе з юбілеем і ўручылі падарункі.

Анжелика РОМАНЮК

 Фото Тимофей МИХАЛЕНКО

Газета «Маяк Палесся»