Беларускі прафсаюз аграпрамысловага комплексу працягвае рэспубліканскую акцыю “Наш жывёлавод”,  якае мае мэту падтрымання і стымулявання працы лепшых аператараў машыннага даення і жывёлаводаў па вырошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы малочна-таварных і таварных ферм і комплексаў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.

   Адзначым, што мэта акцыі – падтрымаць добрасумленных працаўнікоў, якія душой адданыя сваёй працы. У павестцы дня – надоі, прывагі, стан даверанай жывёлы.

“Сумленных людзей, незалежна ад сферы дзейнасці, варта вылучаць, каб намаганні не засталіся па-за ўвагай”, – адзначыла старшыня райкама прафсаюзаў работнікаў АПК Алена Галеня, уручаючы падарункі работнікам МТК “Рог” ААТ “Пціч-Агра”.

01

 

02

Ірына Герасіменка 10 гадоў працуе жывёлаводам на малочнатаварным комплексе, а да гэтага 19 гадоў працавала ў мясцовай пошце. Скончыла сярэдне-спецыяльную ўстанову па спецыяльнасці “Аграном” і вярнулася на радзіму. Тут і склаўся яе лёс.

“Можна сказаць, што я пайшла па слядах бацькоў, мама працавала спачатку даяркай, затым цялятніцай. Тата быў лесніком, але таксама перайшоў у гаспадарку працаваць жывёлаводам. Так што са сваёй працай была знаёмая з дзяцінства, – падзялілася з намі фактамі сваёй біяграфіі Ірына Іванаўна. – Даглядаю цялят з любоўю і клопатам, пры гэтым не забываю і пра тэхналагічныя патрабаванні”.

   Ірына Шамбярэцкая, якая таксама адзначана за добрасумленную працу, усё жыццё прысвяціла рабоце на ферме.
“Бацькі пераехалі з Мазыра ў Петрыкаўскі раён. Я скончыла школу ў Конкавічах і адразу ўладкавалася на ферму, – распавяла Ірына Анатольеўна. – У мае абавязкі ўваходзіць кармленне кароў, іх
чыстка і мыйка, дойка, а таксама ўборка кароўніка. Трэба і стан кароў кантраляваць, валодаць спрытнасцю і назіральнасцю, бо ў кожнай каровы свой нораў і апетыт”.
Аператар машыннага ў канцы размовы адзначыла, што каровы – вельмі разумныя жывёлы, ласкавыя, усё разумеюць, толькі не кажуць.

Наталля ПЕТРУШЭНКА.
Фота аўтара