Сезон восеньскіх палявых работ у разгары. У гаспадарках Петрыкаўскага раёна поўным ходам ідзе ўборка кукурузы ­ – адной з галоўных кармавых культур.

 Журналісты  раёнкі «Петрыкаўскiя навiны»       разам      са            старшынёй        раеннай  арганiзацыii  прафсаюза  працаўнікоў  аграпрамысловага  комплексу  Аленай  Галеня,  адправiлiся ў ААТ «Чалющавiчы».

Як распавёў дырэктар КСУП “Чалюшчавічы” Сяргей Ракіцкі, ад ураджаю залежыць становішча на жывёлагадоўчых комплексах многіх гаспадарак.

“Гэты год сапраўды стаў для нашай гаспадаркі праверкай на трываласць, – пачаў Сяргей Мікалаевіч. – Аб’яднанне некалькіх гаспадарак у адну патрабавала дастаткова затрат і намаганняў (нагадаем нашаму чытачу, што ў 2022 годзе былі аб’яднаны Капаткевіцкая і Колкаўская гаспадаркі, якія сёлета далучыліся да Чалюшчавіцкай – заўваг. журналіста). Стрэсу дадалі і непрыемныя сюрпрызы ад надвор’я: маштабная паводка, з-за якой значная частка азімых пасеваў аказалася вымачанай. Негатыўна адбілася засуха, якая прыйшлася на перыяд фарміравання каласавых. Але кукурузе ў гэтым плане пашанцавала больш за астатнія культуры, бо менавіта ў час яе росту ішоў у патрэбных аб’ёмах дождж. Кукуруза сваім ураджаем радуе, не дадуць схлусіць нават тыя, хто проста праязджаў міма палёў.

У цёплыя восеньскія дні актыўна ідзе ўборка кукурузы на зерне і сілас. У дзень адзін камбайн скошвае ў сярэднім 15-25 гектараў кукурузы, што ў тонах больш за 450. Сярэдняя ўраджайнасць вышэй за 250 цэнтнераў з гектара. За апошнія працоўныя дні скошана кукурузы з плошчы больш за 700 гектараў на сілас, больш за 20 гектараў – на зерне. За кошт кукурузы ўдасца папоўніць страчаны з-за спякоты ўраджай каласавых. Паралельна з уборкай кукурузы ідзе сяўба азімых. На 350-ці гектарах ужо пасеяны рапс, працягваецца сяўба жыта, трыцікале і ячменю”.

Яшчэ адным гонарам дырэктара КСУП “Чалюшчавічы” стаў новы магутны трактар “Кіравец” К-742М, які гаспадарка набыла літаральна на днях.

“Машына ўваходзіць у групу тэхнікі шостага цягавага класа і лічыцца ўніверсальнай, – удакладніў Сяргей Мікалаевіч. – Таму яе прызначэнне стандартнае: ворыва, культываванне, пасеў, баранаванне і выкананне іншых аперацый па апрацоўцы зямлі. Канструктары намагаліся надаць машыне лепшыя якасці папярэдніх мадэляў: добрую рамонтнапрыдатнасць, надзейнасць, высокую прадукцыйнасць і праходнасць пры нізкім сабекошце адной гадзіны працы і тэхабслугоўвання”.
Кіруе машынай кемлівы механізатар Руслан Качэля – перадавік вытворчасці ў сельскай гаспадарцы, а таксама і папулярны блогер на YouTube.
Ці вытрымае гаспадарка праверку на трываласць – пакажа час, аднак зараз усе перадумовы маюцца.

Наталля ПЕТРУШЭНКА.
Фота аўтара

Газета “Петрыкаўскiя навiны”