Па дарозе ў ААТ “Малажынскі” з жалем глядзелі на затопленыя ўздоўж дарогі палі. Пасля працяглых дажджоў месцамі ўтварыліся невялікія азёры. Сыдзе вада, гэтыя плошчы неабходна будзе засеяць, а дзе растуць травы на пашы, падкарміць. А пакуль туды не заехаць. Складаная сёлета выдалася пасяўная, непагадзь унесла свае карэктывы. Аб гэтым гаварыў і галоўны аграном ААТ Сямён Свірыдзенка, спецыяліст з вялікім стажам і вопытам. За вёскай Дабрагошча механізатары рыхтавалі глебу і сеялі яравыя. На больш высокіх месцах плошча пасля праходу магутных трактароў была роўная і прыгожая, але ж у канцы поля сінела вада. “Туды давядзецца вяртацца яшчэ раз, каб дасеяць”, – заўважыў Сямён Сямёнавіч. 

20230413 221055

20230413 221123

20230413 221202


       Працай падначаленых ён задаволены. Дзмітрый Пастухоў падсяваў люцэрну на ўчастку, дзе яна будзе расці з аўсом. Насенне апошняга загарнуў у глебу Сяргей Чыгарэўскі. Дзмітрый за дзень выконвае дзве нормы, ведае свае расцэнкі. А Сяргей Чыгарэўскі лічыцца ў раёне адным з лепшых майстроў хлебнай нівы. Вадзім Шынкарэнка на сваім “Беларусу” ў счэпе з культыватарам-выраўноўвальнікам рыхтуе глебу. Маладыя хлебаробы сваю справу ведаюць добра, работу выконваюць з душой. На такіх і трымаецца сельская гаспадарка. Галоўнае, каб для іх працы і адпачынку былі створаны належныя ўмовы. Настрой у той ясны красавіцкі дзень у механізатараў быў прыўзняты, яны жартавалі, радаваліся сонцу. Пасля кароткага перапынку заспяшаліся да энерганасычаных трактароў, каб да вечара паспець апрацаваць яшчэ не адзін гектар.
     Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Людміла Дубіна пацікавілася не толькі сістэмай аплаты працы, але і якасцю абедаў, наяўнасцю аптэчак.

       На 15 красавіка 220 гектараў ячменю згодна з планам ужо пасеяна, на фінішы – авёс. Чакаюць сваёй чаргі гарох і віка (ім адводзіцца 65 га). Бульбу высадзяць на дзесяці гектарах. Застанецца каралева палёў. Плошчы пад яе выдзелены немалыя: 1600 на зялёную масу і 370 – на зерне. Калі будзе спрыяць надвор’е, управяцца ў тэрмін.


Ніна СІНІЛАВА
Фота Ірыны СТЫЧЫНСКАЙ