Падчас уборачнай кампаніі кожная хвіліна на вагу золата. Аднак, нягледзячы на напружаны графік, у механізатараў ААТ “Чалюшчавічы” абед заўсёды па расладзе. Старшыня  раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў АПК Аленай Галеня наведала сталовую сельгаспрадпрыемства, каб даведацца, чым кормяць тых, хто сёння забяспечвае харчовую бяспеку краіны. Праца ў полі патрабуе энергіі. Таму пытанне арганізацыі гарачага харчавання ў ААТ “Чалюшчавічы” стаіць на асаблівым кантролі ў кіраўніцтва гаспадаркі. Тут добра разумеюць: сыты работнік – прадуктыўны работнік. Супрацоўнікі сталовай з раніцы пачынаюць рабіць нарыхтоўкі, арыентуючыся на ўчарашнюю колькасць абедаў. Як толькі паступаюць спісы жадаючых паабедаць, повары прыступаюць да падрыхтоўкі. Да 11 гадзін стравы павінны быць згатаваны.


Меню складаецца на тыдзень і ўключае разнастайныя стравы: боршч, расольнік, суп гарохавы, суп грыбны, на другое – каўбасу хатнюю смажаную, куру смажаную, шніцаль, гуляш, катлеты, тэфтэлі, адбіўныя свіныя. На гарнір – рысавую, грачаную і пярловую кашы, бульбяное пюрэ, макароны. Радуюць повары механізатараў і выпечкай ўласнага вырабу, напрыклад, сасіскамі ў цесце, смажанкамі, булачкамі з карыцай і макам, смятаннікамі. – Асаблівую ўвагу надаем разнастайнасці, каб працаўнікі палёў атрымлівалі паўнавартаснае і збалансаванае харчаванне, – дзеліцца повар Надзея Верталь. У гэты дзень было заяўлена 30 абедаў. Надзея Аркадзьеўна распавяла, што ў меню – расольнік, макароны, курыная галёнка, булачка «смятаннік» і гарбата.

– Ежу развозім па ўчастках у спецыяльных тэрмасах, каб яна заставалася гарачай да самага моманту падачы. Ёсць магчымасць паабедаць не толькі ў полі, а і ва ўтульнай зале нашай сталовай. Дарэчы, плацяць нашы механізатары і іншыя працаўнікі прадпрыемства за абед, згодна калектыўнага дагавора, усяго 30 % ад яго кошту, – пазначыла загадчыца сталовай. Мы пагутарылі з адным з механізатараў, які якраз прыпыніўся на абедзенны перапынак.

– Ведаеце, пасля карпатлівай працы, ежа здаецца асабліва смачнай, – усміхаецца мужчына. – Але тут сапраўды гатуюць па-дамашняму. Гарачае, свежае, заўсёды своечасова. Калі механізатар ведае, што яго чакае смачны абед, а пра яго бытавыя патрэбы клапоціцца кіраўніцтва, то і праца спорыцца хутчэй.

Такі падыход да арганізацыі комлпекснага харчавання – гэта не толькі здароўе і дабрабыт работнікаў, але і паспяховае завяршэнне ўборачнай кампаніі. Сытыя і задаволеныя працаўнікі – залог высокага ўраджаю і харчовай бяспекі Петрыкаўшчыны.

Марыя ТАМКО, фота аўтара.

Газета «Петрыкаўскiя навiны»