Дэлегату ВДНГ у Маскве, сельскай працаўніцы, – 90 гадоў!
Вольга Адамаўна Шаўчэнка з Валаўскай Рудні, якая ўсё жыццё прапрацавала ў сельскай гаспадарцы, днямі адзначыла 90-гадовы юбілей.
Павіншаваць юбіляршу з днем нараджэння прыехалі шматлікія госці: прадстаўнікі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, Ельскага ТЦСАН, КСУП “Скараднянскі”, раённага аддзялення Беларускай партыі “Белая Русь” і прафсаюза АПК. Яны шчыра віншавалі Вольгу Адамаўну і дарылі падарункі. Таму настрой у ветэрана працы быў прыўзняты, а твар жанчыны свяціўся радасцю і задавальненнем.
Вольга Шаўчэнка ўспомніла і расказала пра своё нялегкае жыццё, апаленае вайной.
— Калі пачалася вайна, мне было 5 гадоў. Нас у бацькоў трое было-дзве дзяўчынкі і брацік. Бацьку не ўзялі на фронт, бо пальцы сабе абрэзаў яшчэ ў маладосці. Таму партызаны папрасілі ўладкавацца лесніком, каб была нагода падвозіць ім у лес прадукты харчавання. Так і зрабіў: у Качышчах пяклі хлеб, а бацька дастаўляў яго «лясным братам». Калі прыйшлі сабуровцы, бацькі арыштавалі за нібыта супрацоўніцтва з немцамі. Хоць камандзір партызан, Руцкі Халімон, прасіў за яго, спрабаваў прайсці ў штаб, ды не пусцілі яго. А бацьку расстралялі. Без суда і следства. Затым пачаліся бамбёжкі. Да канца акупацыі жылі на балотах, у карчах… успамінаецца, як фашысцкая Авіяцыя прасіла навакольныя лясы і балоты. Сядзім аднойчы, мама вогнішча распаліла, каб бульбы спячы, накарміць нас… а тут бамбёжка – усе хто куды. А я галаву ў дзядоўнік засунула, схавалася, плачу. Потым доўга калюкі з валасоў мама даставала… Відаць было, што не проста даюцца Вользе Адамаўне гэтыя ўспаміны. На вочы час ад часу накатвалі слёзы. — Калі чэхі палілі нашу Рудню, сказалі вяскоўцам ісці ў лес, нікога не забілі, славяне ж… а калі падпалілі нашу хату і полымя ўскінулася вышэй за дах, я ўспомніла, што ў падпечку засталася кошка з кацянятамі, і кінулася за імі… тады нас выратаваў чэхаславак – і мяне і котку з кацянятамі. Усё жыццё гэта ўспамінаю і ўдзячная яму буду да канца дзён сваіх…
— Пасляваенны час быў галодны, дамы спалены. У мамы трое нас на руках. Выжыць удалося толькі дзякуючы дапамозе былога камандзіра атрада Халімона Руцкага, якога прызначылі ў пасляваенны час старшынёй калгаса. Ён і дапамог нам, можа ў памяць пра бацьку, які загінуў у час акупацыі, можа з жалю.
Ледзь скончыўшы пачатковую школу, Вольга Шаўчэнка ўжо працавала на ферме, на цялятах. Усё рабіла сваімі яшчэ не адужэлымі рукамі: дровы нарыхтоўвала, гной чысціла, падсцілала, пойла па 3 разы на дзень цягала, каб 80 галоў маленькіх цялятак накарміць… Пры вазе ў 40 кілаграм мяхі цягала па 60…
— Не прайшло гэта бясследна. У 70-я гады цяжка захварэла. Далі інваліднасць — дзесяць гадоў па бальніцах праматалася. Доўга аднаўляла здароўе. Трое хлапчукоў нарадзіла. І зноў усё на жаночыя плечы легла -добра, мама побач была. На мужа дык я мала спадзявалася — выпіць любіў, бедны … Ужо больш за два дзесяткі гадоў, як памёр. З тых часоў з сыночкам і жыву. Ён мне ва ўсім — надзея і апора. Толькі вось жонка яго моцна хварэе. Так і жывем, дапамагаючы адзін аднаму. Другі сынок, Міша, на Берасцейшчыне ўладкаваўся з сям’ёй. Ужо на пенсіі, а раней у Белавежскай пушчы лесніком працаваў. А трэцяга сыночка я пахавала. Нядоўгі быў яго век…
Як бы ўцякаючы ад гаротных думак, гаспадыня пачынае распавядаць пра сваю гаспадарку. І сапраўды, акрамя вялікага агарода, на сядзібе Шаўчэнкі маецца жыўнасць: куры, трусы, козачкі, невялікая пчальнік. І ўсё гэта дзякуючы працавітасці і невычэрпнаму аптымізму Вольгі Адамаўны і яе сына Сяргея.
На развітанне гаспадыня ўспомніла і прыемныя моманты са свайго жыцця. Адным з іх стала ўручэнне ей, лепшай працаўніцы сельскай гаспадаркі, медаля на ВДНГ у Маскве. Менавіта тады жонка старшыні калгаса зняла з сябе і падаравала ей прыгожую хусцінку, а сам старшыня, Васіль Клімовіч, купіў сукенку і туфлі…
— Добрыя людзі былі, добрыя. Можа таму і жыву на свеце 90 гадоў ужо, што такія людзі ў жыцці сустрэліся,- падсумавала на развітанне юбілярша.
Аўтар тэксту і фота Васіль Мітрафанаў
Газета «Народны голас»
