На Гомельшчыне прайшоў ІІІ форум сельскай моладзі, накіраваны на замацаванне маладых кадраў у вёсцы, павышэнне прэстыжу сельскіх прафесій. Прынялі ўдзел у мерапрыемстве і маладыя спецыялісты Перыкаўшчыны. Хто яны, удзельнікі форуму, і з якімі вярнуліся ўражаннямі?
Ветырынарны ўрач СУП “Палессе-Аграінвест” Валерыя Данілава сама родам з Віцебшчыны, прыехала амаль два гады таму ў Петрыкаўскі раён пасля заканчэння Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Форум, з яе слоў, стаў добрай магчымасцю лепш спазнаць Гомельшчыну.
– Першы дзень форуму праходзіў у Калінкавіцкім раёне. Удзельнікі наведалі аб’екты сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, дзе я адзначыла для сябе некаторыя патрэбныя моманты ў прафесійным плане. Для мяне асабліва запамінальнымі сталі экскурсіі ў Свята-Раство-Багародзічны манастыр і на стаянку першабытнага чалавека ў аграгарадку Юравічы. Гэта ўнікальныя гістарычныя месцы, – адзначыла спецыяліст.
Вікторыя Віднік, бухгалтар ААТ “Агра-Ляскавічы”, на пасадзе толькі тры месяцы.
Дзяўчына – ураджэнка Петрыкава, атрымала вышэйшую адукацыю ў Горкаўскай сельгасакадэміі і прыехала працаваць на малую радзіму. Для дзяўчыны асабліва яскрава прайшоў другі дзень форуму. Дэлегацыя наведала гарадскі пасёлак Акцябрскі, які прымаў фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2023”. Пакінулі глыбокія ўражанні адкрыццё Алеі Герояў і маладзёжны інтэлектуальны турнір да 80-годдя вызвалення Гомельскай вобласці ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Трэцяя прадстаўніца Петрыкаўшчыны – інспектар аддзела кадраў КСУП “Запаветы Ільіча” Дар’я Падаляка падзялілася, што ў выязным мерапрыемстве больш уразіла сустрэча з губернатарам вобласці Іванам Крупко і памочнікам Прэзідэнта, інспектарам па Гомельскай вобласці Юрыем Горлавым. Паводле слоў маладога спецыяліста, гутарка з прадстаўнікамі ўлады атрымалася дастаткова адкрытай: губернатар і памочнік Прэзідэнта давалі разгорнутыя адказы на пытанні, якія ім задавалі ўдзельнікі форуму. Асабліва запомніліся словы пра тое, што санкцыі – гэта шырокае поле для дзейнасці айчынных вытворцаў, магчымасць вырабляць і рэалізоўваць уласную прадукцыю.
Дарэчы сказаць, Дар’я Мікалаеўна, дзяўчына не з “робкага дзясятку” – задала губернатару хвалюючае яе пытанне: ці дастаткова льгот дае дзяржава для развіцця і станаўлення фермерскай гаспадаркі. Спецыялісту быў дадзены разгорнуты адказ. Дзяўчына – ураджэнка Жыткавіцкага раёна ў “Запаветах Ільіча” працуе два з паловай гады пасля заканчэння абласнога аграрна-эканамічнага каледжа.
Меркаванне Садзікавай Дар’і падвяло вынікі ўражанняў ад форуму. Дзяўчына родам з Рэчыцы, прыехала на Петрыкаўшчыну тры месяцы таму ў ААТ “Навасёлкі” у якасці тэхніка-праграміста пасля заканчэння Гомельскага аграрна-эканамічнага коледжа.
– На форуме сабраліся розныя маладыя людзі: аграномы, ветэрынарныя ўрачы, інжынеры-механікі, заатэхнікі. Тыя, хто вызначыў для сябе жыць і працаваць у вёсцы, дзе патрэбны маладыя, перспектыўныя і ініцыятыўныя кадры, – упэўнена спецыяліст.
– Мерапрыемства дало магчымасць пачуць адказы на важныя для нас пытанні: атрыманне жылля, магчымасці прававой, сацыяльна-эканамічнай абароны. Але самае галоўнае – мы мелі магчымасць зносін з калегамі, завялі новыя знаёмствы, набылі ўпэўненасць у правільнасці выбранага накірунку.
Святлана СОБАЛЕВА, фота Галіны КАЗАК