Праца ў сельскай гаспадарцы – адна з запатрабаваных.

Камусьці, магчыма, здасца дзіўным убачыць у 21 стагоддзі ў сельскай гаспадарцы маладых і прыгожых дзяўчат, бо стэрэатып пра тое, што кар’ернага росту можна дабіцца толькі ў вялікім горадзе, укараніўся ў грамадстве вельмі моцна. Наш матэрыял сёння якраз пра адваротнае.

 Глядзіце самі, у нашых сённяшніх гераінь ёсць стабільнае працоўнае месца з заработнай платай, жыллё з усімі выгодамі, арэнду якога аплачвае арганізацыя, у нюансы працы дапамагае паглыбіцца куратар.

 У самым пачатку працы дзяўчатам выплацілі пад’ёмныя, а зараз кожны месяц выплачваюць прэмію як маладым спецыялістам.

wtd8v0ljiq4

 Галоўны эканаміст ААТ “Курыцічы” Яўгенія Рыжкова родам з Жыткавіцкага раёна. Скончыла гарадскую гімназію і паступіла ў Гомельскі аграрна-эканамічны каледж. Вырашыла, што спецыяльнасць эканаміста больш патрэбная ў грамадстве

– Праца па-свойму вельмі цікавая, – распавяла Яўгенія. – Пастаянна ў лічбах, а гэта трэніроўка для розуму. Мне патрэбна ацаніць эканамічную сітуацыю прадпрыемства і разлічыць эфектыўнасць розных шляхоў паляпшэння яе фінансавага стану. Вядома, мне было спачатку страшнавата, бо пасля атрымання дыплома ўжо на новым месцы мяне адразу прызначылі на пасаду галоўнага эканаміста, але, аказалася, што ўсё зразумела, любое пытанне можна вырашыць, атрымаць кампетэнтны адказ. Калі для бухгалтара ў асноўнай масе самае галоўнае, каб дэбет сышоўся з крэдытам (ці прыбыткі з выдаткамі), то добры эканаміст думае, што яшчэ гэтыя лічбы азначаюць, чаму яны менавіта такія.

Эканаміст павінен спрагназаваць на крок наперад, што будзе. Абавязкова лагічнае мысленне.

eiiufqh00du

Ксенія Бадзякоўская сёння працуе інспектарам па кадрах у ААТ “Курыцічы”. Пасля заканчэння Петрыкаўскай гарадской школы № 2 паступіла ў Рэчыцкі аграрна-эканамічны каледж на спецыяльнасць “Упраўленне ВПК, арганізатар вытворчасці”. Цяпер завочна атрымлівае вышэйшую адукацыю ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі

– Пра прафесію задумалася ў пачатку 9 класа, – пачала дзяўчына. – Пры праглядзе спецыяльнасцяў спынілася на Рэчыцкім аграрна-эканамічным каледжы. Вучоба праляцела хутка. На адпрацоўку вярнулася ў свой раён. У мяне ў жыцці такое паняцце: пачаў справу – даводзь яе да канца. Калі ўжо пачала працаваць у сельскай гаспадарцы, то буду паглыбляцца ў прафесію больш сур’ёзна і адказна.
Па словах Ксеніі, яе бабуля па мамінай лініі ўсё жыццё працавала даяркай, таму ўнучка з працай на сяле была знаёма з дзяцінства.

– У мае абавязкі ўваходзіць вядзенне ўліку асабовага саставу прадпрыемства, афармленне розных кадравых аперацый, афармленне і вядзенне асабістых спраў супрацоўнікаў, занясенне змен у іх, улік, захоўванне і запаўненне працоўных кніжак і іншае. Як бачыце, работа з паперамі, але патрабуе ўважлівасці, адказнасці, ведаў.
Улічваючы, што сельская гаспадарка сёння – адна з прыярытэтных абласцей у краіне, упэўнена, што мая праца будзе запатрабавана заўсёды.

Наталля ПЕТРУШЭНКА.
Фота аўтара