– Праца – гэта аснова любога поспеху.

 Таццяна Ляшук, брыгадзір малочна-таварнага комплексу “Бабунічы”, працягвае сямейную працоўную дынастыю работнікаў сельскай гаспадаркі. Бацькі ў мінулым прысвяцілі сябе прафесіям палявода і трактарыста тут жа, на малой радзіме.

01

   Таццяна Леанідаўна родам з Сотнічаў. Пасля заканчэння Бабуніцкай сярэдняй школы вырашыла застацца ў вёсцы і займацца працай на зямлі. З часам стварыла сям’ю, абжылася, нарадзіла траіх дзяцей – але выбранай прафесіі не змяніла.

 – Агульны стаж у сельскай гаспадарцы ў мяне дваццаць гадоў. Паўтара гады таму мне даверылі пасаду брыгадзіра на комплексе. Я разам з дзвюма цялятніцамі, трыма даяркамі і адной падменнай адказваем за 567 дойных кароў і нованароджаных цялят, – дзеліцца брыгадзір. Скажу шчыра – праца займае большую частку майго часу. Каманда ў нас адказная і мы вельмі перажываем, калі раптам здараецца нешта не па плану, хвалюемся за вынікі. Напрыклад, сакавік прынёс нам радасныя моманты: нарадзілася 50 цялят, а прыбаўленне ў вазе ўжо наяўных склала 900 грам.

 Для працы ў гаспадарцы ёсць усё неабходнае: корм, дабаўкі, вітаміны, патрэбная тэхніка і абсталяванне. Справа за чалавечым фактарам – выконваць усё ў тэрмін, паводле тэхналогій і рэкамендацый спецыялістаў, і галоўнае, лічыць гераіня, сумленна і з любоўю. Умовы для работнікаў створаны: хто працуе адказна, выконвае абавязкі, той на заробак не скардзіцца. Адчуваецца падтрымка кіраўніка, калектыву.

– Праца – гэта аснова любога поспеху. І наш поспех напрамую залежыць ад працаздольнасці. Калі ў справу не ўкладаць душу, то не атрымаеш аддачы, – лічыць Таццяна Леанідаўна. – Я кажу нават не пра матэрыяльныя каштоўнасці, а пра маральнае задавальненне. Я шмат часу праводжу побач з жывёламі. Неабходна назапасіцца цярпеннем і мець цвёрдае жаданне дасягнуць пастаўленай мэты.

 Святлана СОБАЛЕВА,

фота аўтара.