Днямі завіталі на МТК “Ляскавічы”. Галоўны заатэхнік Аляксандр Кавальскі ўпэўнены: сёння, калі ферма нарошчвае вытворчасць, павялічвае паказчыкі, паляпшае якасць малака, ахвочых працаваць у сельскай мясцовасці праз некалькі гадоў павялічыцца ўдвая, калі не ўтрая.
– Адна з галоўных фінансавых крыніц у сельскай гаспадарцы – сфера жывёлагадоўлі, у прыватнасці – якасць малака, – сур’ёзна пачаў размову спецыяліст. – І мы на гэтым зрабілі акцэнт, калі выйшлі на сорт “экстра”.
Сорт, які павінен мець найлепшыя паказчыкі якасці па зместу саматычных клетак, мікраарганізмаў і іншага. Ён нават на экспартным рынку канкурэнтаздольны, а яшчэ па параметрах сваіх высакаякаснаму малаку краін Еўрасаюза адпавядае. І каштоўнасць пажыўная ў яго асаблівая, з павышаным утрыманнем тлушчу і бялку.
Галоўны заатэхнік пазнаёміў з лічбамі:
– У 2022 годзе ад адной каровы атрымана ў сярэднім 4 тоны 674 літры малака. Вельмі добрыя лічбы. А вось за 2021 год – 4290 літраў. Паказчык паступова расце, што не можа не радаваць.
Літр малака каштуе прыкладна 98 капеек. У сярэднім за тону малака мы атрымліваем 980 рублёў. Кошт выстаўляе зноў жа завод.
Аляксандр адзначыў, што поспех фермы залежыць ад яго працаўнікоў.
– У нас на малочнатаварным комплексе пазменна працуюць 8 даярак. У сярэднім кожная надойвае за месяц ад сарака тон і вышэй. На групе раздою – агульны паказчык будзе крыху менш.
На МТК 840 галоў, з якіх 80% дояцца, 20% – знаходзяцца на расцеле.
Спецыяліст параўнаў карову з маленькім заводам.
– Жывёле трэба добрае харчаванне, умовы, каб яно набірала масу, давала добрае малако, а пасля яшчэ і прынесла здаровае цяля. На
стадыі расцёлу мы сочым, каб карова не страціла кілаграмы. А такое бывае. Гэтага дапушчаць ніяк нельга. Складнікі поспеху – гэта, вядома, кадры, кармы, генетыка, сучасныя тэхналогіі, камфорт жывёл. Гэта ўсё пасля выліваецца ў канчатковы вынік. Калі дзесьці адбываецца збой тэхналагічнага ланцужка, на маладняку яго адчуваеш праз два гады, памылка ў корманарыхтоўцы дасць негатыўны вынік ужо праз паўгода.
У мае абавязкі ўваходзіць адказна арганізаваць працу, каб павысіць якасць жывёлы, весці ўлік кармоў, кантраляваць утрыманне пагалоўя, прадукцыю – санітарныя нормы, стандарты вытворчасці і гэтак далей, планаваць жывёлагадоўчую дзейнасць прадпрыемства, забяспечваць тэхніку бяспекі працы.
Субяседнік падкрэсліў, што для арганізацыі асноўная задача цяпер – вырабляць малако найвышэйшай якасці.
– І, паверце, умовы ў Ляскавічах больш чым годныя. Ад сваіх падначаленых лішняга мы не патрабуем – толькі добрасумленна, па-гаспадарску, выконваць свае абавязкі. Даяркі атрымліваюць заработную плату ў сярэднім 1000 рублёў. Увагай працаўніцы не абдзелены.
Аляксандр Кавальскі родам з Курыцічаў, размеркаваўся пасля вучобы ў “Запаветы Ільіча”. Сёння ён актыўна дапамагае развіваць гаспадарку ў Ляскавічах.
– З жыллём пытанняў няма, вольны час таксама ёсць дзе правесці. У гэтым сэнсе ў раёне наш аграгарадок не мае канкурэнтаў.
Наталля ПЕТРУШЭНКА.
Фота аўтара.