Напрыканцы мінулага тыдня карэспандэнт “Петрыкаускiх навiн” адправіўся на палеткі разам са старшынёй раеннай арганiзацыii прафсаюза працаўнікоў аграпрамысловага комплексу Аленай Галеняй, каб павіншаваць лепшых механізатараў Петрыкаўшыны.
Звонку мерапрыемства здавалася простым і непрацяглым, але на справе, дабрацца да палёў, дзе працуюць аграрыі аказалася куды больш складана. Узлесак, поле, грунтавая дарога – жывапісныя куточкі мясцовасці, дзе шчыруюць механізатары.
На землях КСУП “Запаветы Ільіча” прыступіў да касьбы траў Дзмітрый Гарошка, пра якога мы неаднаразова пісалі на працягу некалькіх год. Так і сёлета малады механізатар стаў першым на дыскаванні глебы, што скончылася неўзабаве. Дзмітрый Аляксандравіч паказаў лепшы вынік на Петрыкаўшчыне – 1628 гектараў. Доўга прамаруджваць не выпадала, атрымаўшы падарунак і падзякаваўшы прафсаюзнаму лідару Алене Галені за віншаванні, спецыяліст тэрмінова накіраваўся да свайго магутнага трактара, бо нездарма кажуць у гэтую пару: дзень год корміць.
У Бабунічах да нас пад’ехаў яшчэ адзін механізатар гаспадаркі Іван Ткачук (на фота). Мужчына ўнёс насенне “царыцы палёў” на плошчы ў 950 гектараў і стаў другім у раёне на сяўбе кукурузы і лепшым сярод аграрыяў сельгаспрадпрыемстваў, якія абслугоўвае райарганізацыя прафсаюзаў працаўнікоў АПК Петрыкаўшчыны.
Іван Уладзіміравіч працуе ў “Запаветах Ільіча” ўжо 15 гадоў. У свой час яшчэ школьнікам на вучэбна-вытворчым камбінаце атрымаў правы кіравання трактарам. Перабраўся з родных Бабу-нічаў у Міхедавічы. З жонкай Наталляй гадуюць трох дзетак.
Летам механізатар шчыруе на палетках, узімку заняты на падвозцы кармоў для жывёлы. Працоўны дзень спецыяліста пачынаецца а 7-й раніцы. Зараз мужчына займаецца прэсаваннем сенажу і спадзяваецца на надвор’е – менавіта ад метэаралагічных умоў у значнай ступені будзе залежыць паспяховасць палявых работ.
Уручыўшы падарунак і пажадаўшы механізатару новых працоўных поспехаў мы накіраваліся на палі ААТ “Курыцічы”.
Механізатара Руслана Чарнобыльца чытачы “Петрыкаўскіх навін” таксама ведаюць па папярэдніх публікацыях. Сёлета ён стаў лепшым у раёне на падрыхтоўцы глебы да сяўбы, узараўшы 793 гектары палеткаў.
Віншуем аграрыяў з працоўнымі дасягненнямі і жадаем, каб зямля аддала за іх шчырую працу добрым ураджаем.
Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара
Газета “Петрыкаускiя навiны”