Ва ўрочышчы “Селішча” агракамбіната “Новы шлях” уўрачыста адзначылі пачатак яравой сяўбы. Павіншаваць хлебаробаў на старце работ прыехалі кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі прафсаюзаў, дырэктары і спецыялісты гаспадарак раёна.
– Усе работы плануем завяршыць за 25 дзён, – паведаміў кіраўнік агракамбіната Уладзімір Пацукевіч. – Для яравой сяўбы адвялі каля 800 гектараў плошчаў. Ёсць і надзейны калектыў механізатараў, і ўгнаенні, зямля гатова да работ. Няхай гэтая пасяўная пройдзе на адным дыханні, – пажадаў ён калегам-аграрыям.
Каля 300 механізатараў будуць працаваць сёлета на веснавых палявых работах у раёне, паведаміў старшыня райвыканкама Аляксандр Матарас.
– На гэты год пастаўлена складаная мэта. Яравыя і зернебабовыя неабходна пасеяць на 30 тысячах гектарах, – адзначыў кіраўнік раёна. – Галоўная задача, якая стаіць перад аграрыямі, – дасканала захаваць патрабаванні тэхналогіі сяўбы.
Аляксандр Матарас падзякаваў людзям, якія гатовы працаваць у полі ад зары да ночы. Лепшыя трактарысты “Новага шляху” Мікалай Цуранаў, Ігар Кірыленка, Аляксандр Грышчанка і Максім Сідоранка атрымалі падарункі ад райкама галіновага прафсаюза і раённага аб’яднання прафсаюзаў.
У поле хлебаробаў праводзілі з песнямі ў выкананні ансамбля «Аколіца» Церахоўскага гарадскога Дома культуры.
Автор статьи Наталья Нестер
Фото Евгения Устинова