Ва ўстановах адукацыі Ельшчыны ўдзяляецца вялікая ўвага прафарыентацыі школьнікаў на аграрныя прафесіі. Гэта сустрэчы з кіраўніцтвам раёна, прадстаўнікамі аграрных каледжаў і вну і нават экскурсіі.

На адной з апошніх сустрэч з вучнямі аграрных класаў, якія ёсць у гарадскіх школах Ельска і Дабрынскай школе, старшыня Ельскага райвыканкама Віктар Замосцік паабяцаў старшакласнікам арганізаваць экскурсію ў суседні Мазырскі раён.

 У сельгаспрадпрыемствах Ельшчыны мясцовыя школьнікі былі не аднойчы, таму ім будзе цікава пазнаёміцца з тым, як працуе аграрны сектар у суседнім Мазырскім раёне, лічыць кіраўнік раёна. Дарэчы, сёння Мазырскі раён – адзін з буйных індустрыяльных і сельскагаспадарчых цэнтраў Гомельскай вобласці. Такім чынам, на мінулым тыдні для старшакласнікаў сярэдняй школы № 1 горада Ельска была арганізавана экскурсія на эксперыментальную базу “Крынічная” Мазырскага раёна.

01

 Стратэгічная гаспадарка – так называюць эксперыментальную базу “Крынічная” – адзінае ў Беларусі сельскагаспадарчае прадпрыемства, у арсенале якога ёсць нават кукурузакалібровачны завод, а з нядаўняга часу і кансервавы. Аснова ўсяго, у прыватнасці сельскай гаспадаркі, – гэта, вядома, зямля і тое, што яна дае. Работнікі эксперыментальнай базы ад зямлі бяруць па максімуму. Адсюль і вялікія поспехі ў прадпрыемства.

 – Уражанні ад экскурсіі пераўзышлі ўсе нашы чаканні, – адзначыла класны кіраўнік 11 класа Марына Пятровіч. – Вучні пазнаёміліся з сучаснымі тэхналогіямі даення. Экскурсавод, які суправаджаў дзяцей па ўсіх аб’ектах базы, даступна расказваў пра арганізацыю вытворчага працэсу і адказваў на ўсе пытанні, якія цікавяць дзяцей. Самае прыемнае ўражанне засталося ад наведвання цялятніка, дзе ўтрымліваюцца маленькія цяляты, і ад дэгустацыі свежага малака. Цяпер рэдкасць – калі дзеці спрабуюць свежае малако ад каровы ў вёсцы.

 Акрамя наведвання комплекса, ельскія школьнікі пабывалі на дэгустацыі сокаў Ельскага кансервавага завода, які нядаўна стаў падшэфным прадпрыемствам эксперыментальнай базы “Крынічная”.

 Ганна Гаўрылава газета «Народны голас»